МАКРЫ́ЦЫ (Oniscoidea),

падатрад раўнаногіх ракападобных. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у стэпавай зоне. Большасць відаў жыве на сушы, пераважна ў месцах з павышанай вільготнасцю (адсюль назва), некат. — на марскіх берагах, у ручаях, крыніцах. Актыўныя ўначы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайная (Porcellio scaber), М. сценавая (Oniscus asellus).

Даўж. да 5 см. Цела пляскатае, канечнасцей 12 пар. Некат. дыхаюць з дапамогай шчэлепных лісткоў, у інш. ёсць прыстасаванні для дыхання атм. паветрам (трахеі). Амаль усе расліннаедныя. Раздзельнаполыя, развіццё без метамарфозу. Глебаўтваральнікі; некат. шкодзяць с.-г. культурам.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)