Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ Пётр Пятровіч

(27.1.1790, г. Гарадзішча Чаркаскай вобл., Украіна — 13.10.1865),

украінскі паэт, байкапісец, родапачынальнік жанру балады ва ўкр. л-ры. Вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі (да 1813). Скончыў Харкаўскі ун-т (1821). З 1825 прафесар, у 1841—49 рэктар гэтага ун-та. Арыгінальныя творы Гулака-Арцямоўскага прасякнуты гумарам і песеннасцю, нар. матывамі (байкі «Пан і сабака», 1818; «Бацька і сын», 1827; балада «Твардоўскі», 1827, і інш.). Перакладаў на рус. мову творы Гарацыя, Ж.Ж.Русо, Дж.Мільтана, А.Міцкевіча. На бел. мову асобныя творы Гулака-Арцямоўскага пераклалі Э.Валасевіч, П.Місько.

Тв.:

Твори. Київ, 1978;

Поетичні твори. Київ, 1984.

В.А.Чабаненка.

т. 5, с. 526

ГУЛА́К-АРЦЯМО́ЎСКІ

(Арцямоўскі) Сямён Сцяпанавіч (16.2.1813, г. Гарадзішча, Украіна — 17.4.1873),

украінскі і рускі спявак (барытон), кампазітар, драм. акцёр, драматург. Вучыўся ў кіеўскіх духоўным вучылішчы (1824—30) і духоўнай семінарыі (1835—38), удасканальваў майстэрства ў Прыдворнай пеўчай капэле (Пецярбург) пад кіраўніцтвам М.Глінкі. У 1842—64 саліст імператарскай оперы ў Пецярбургу (перыядычна выступаў у спектаклях італьян. оперы і драматычных). У 1864—65 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным прыгожым голасам і драм. талентам. Выканаў больш за 50 оперных партый, у т. л. Руслан («Руслан і Людміла» Глінкі), Мазета («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Антоніо, лорд Генрых Эштан («Лінда ды Шамуні» і «Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці). Яго творчасць як кампазітара прасякнуга ўкр. нац.-песенным каларытам. Аўтар 1-й укр. оперы «Запарожац за Дунаем» на ўласнае лібрэта (паст. 1863; партыя Карася), тэкстаў і музыкі вадэвіля «Ноч на Івана Купалу» (1852), вак.-харэаграфічнага дывертысмента «Украінскае вяселле» (1851; партыя запарожца-бандурыста), драмы «Караблеразбуральнікі» (1853), рамансаў, песень, у т. л. «Стаіць явар над вадою», прысвечанай яго сябру Т.Шаўчэнку. Як драм. акцёр выступаў у п’есах І.Катлярэўскага.

Літ.:

Кауфман Л. С.С.Гулак-Артемовський. Київ, 1962.

т. 5, с. 526

ГУ́ЛАРТ,

Голарт (Goulart) Жаао (Жуан; 1.3.1918, г. Сан-Боржа, Бразілія — 1976), бразільскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Адзін з кіраўнікоў (з 1954 старшыня) Браз. трабальісцкай партыі, падтрымліваў палітыку Ж.Варгаса. Дэп. Заканад. асамблеі штата Рыу-Гранды-ду-Сул (1946—50) і Нац. кангрэса (з 1950). Міністр працы, прам-сці і гандлю (1953—54). У 1955—60 і ў 1961 віцэ-прэзідэнт, у 1961—64 прэзідэнт Бразіліі. Адхілены ад улады ў выніку ваен. перавароту 1964, эмігрыраваў.

т. 5, с. 527

ГУЛД,

Гульд (Gould) Глен Херберт (25.9.1932, г. Таронта, Канада — 4.10.1982), канадскі піяніст, арганіст, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў 20 ст. Скончыў кансерваторыю ў Таронта (1952). З 1952 выступаў як піяніст у многіх краінах свету. Вядомы арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі твораў І.С.Баха, Л.Бетховена, В.А.Моцарта, І.Брамса, а таксама кампазітараў 20 ст. П.Хіндэміта, А.Берга і інш., якія спалучалі інтэлектуалізм і абвостраную экспрэсію. У 2-й пал. 1960-х г. спыніў канцэртную дзейнасць, запісваўся на грампласцінкі, выступаў як дырыжор і кампазітар. Аўтар камерна-інстр. твораў.

т. 5, с. 527

ГУЛЕ́ВІЦКІ КАНА́Л,

гл. Закованка.

т. 5, с. 527

ГУЛЕ́ВІЧ Пятро Восіпавіч

(1870, в. Рудня Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 28.5.1957),

бел. казачнік. У маладосці сплаўляў лес па Сажы і Дняпры на Украіну. Расказваў казкі, перанятыя ад аднавяскоўцаў і ўкр. казачнікаў, пераважна пра асілкаў і сац.-бытавыя. У чарадзейных казках карыстаўся гіпербалізацыяй, паўторамі, канцоўкамі, у рэаліст. пазбягаў казачнай абраднасці, у анекдатычных ствараў трапныя характары, спалучаючы апавядальную і дыялагічную формы. На бел. мове расказваў рус. нар. казкі пра Еруслана Лазаравіча, Баву Каралевіча і Ілью Мурамца.

Тв.:

Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963;

Казкі // Беларускі эпас. Мн., 1959;

У кн.: Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.

т. 5, с. 527

ГУЛЕ́ВІЧ Станіслава Іосіфаўна

(н. 25.5.1925, в. Рудня-Стаўбунская Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. кансерваторыю (1956). У 1956—65 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1965 салістка Бел. філармоніі. Найб. вылучылася ў партыях Канчакоўны («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мадалены («Рыгалета» Дж.Вердзі). Сярод інш. партый: Ваня («Іван Сусанін» М.Глінкі), Дуняша, Няжата («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Паліна, Вольга («Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева) і інш. У канцэртным рэпертуары старадаўнія рамансы, бел. і інш. нар. песні.

І.І.Зубрыч.

т. 5, с. 527

ГУЛЕ́ВІЧ Уладзімір Сяргеевіч

(18.11.1867, г. Разань, Расія — 6.9.1933),

савецкі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Чл. Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), працаваў у ім. Навук. працы па біяхіміі мышачнай тканкі, азоцістым абмене, хіміі бялкоў. Адкрыў новыя азоцістыя злучэнні ў саставе мышцаў — карназін і карніцін (вітамін Bт). Аўтар першага дапаможніка па мед. хім. аналізе.

т. 5, с. 527

ГУЛЕ́ВІЧ Фёдар Фёдаравіч

(н. 14.8.1952, г. Маладзечна),

бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 5, с. 527

Гулевіч Аляксандр Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 375