Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВУША́Н (Plecotus auritus),

млекакормячая жывёла сям. кажанавых атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, нешматлікі. Аселы. Жыве пад адсталай карой, на гарышчах, за аканіцамі, у дуплах, зімой — у скляпах, падвалах, бульбяных ямах і інш.

Даўж. цела 4,2—5,4 см, хваста да 5,2, вушэй да 4 см, маса да 10,5 г. Поўсць мяккая, шаўкавістая, зверху палева-буравата-шэрая з карычневым адценнем, знізу шэра-белавата-палевая. Палёт хуткі, нераўнамерны. Нараджае 1, зрэдку 2 дзіцянят. Палюе ноччу без перапынку на невял. вышыні па ўзлесках і лясных прасеках, у кронах дрэў паркаў і садоў, уздоўж дарог, над вадаёмамі. Знішчае лускакрылых насякомых, пераважна шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі.

Вушан.

т. 4, с. 298

ВУША́СТАЯ САВА́ гл. ў арт. Савіныя.

т. 4, с. 298

ВУЯ́ЧЫЧ (Віктар Лук’янавіч) (н. 11.7.1934, г. Харкаў, Украіна),

бел. эстрадны спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы (1959—62). З 1957 саліст Дзярж. нар. хору Беларусі, хору Бел. радыё, Ансамбля песні і танца БВА. З 1966 у Бел. філармоніі, маст. кіраўнік канцэртна-гастрольнага аб’яднання «Мінскканцэрт». У 1992—96 маст. кіраўнік Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 — Дзярж. аб’яднання «Белканцэрт». Першы выканаўца песень многіх бел. кампазітараў (І.​Лучанка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага і інш.). Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (Балгарыя, 1967), Фестывалю сучаснай эстраднай песні (Токіо, 1973, Вял. прыз).

І.​І.​Зубрыч.

Спявае В.Вуячыч.

т. 4, с. 298

ВУЯ́ЧЫЧ (Святлана Сямёнаўна) (н. 2.4.1937, Мінск),

бел. танцоўшчыца. Нар. арт. Беларусі (1977). З 1952 у Дзярж. нар. хоры БССР. У 1960—83 салістка Дзярж. ансамбля танца Беларусі.

Выконвала сола ў многіх пастаноўках калектыву («На Купалле», «Вянок беларускіх танцаў», «Беларуская рапсодыя», «Гусі-лебедзі», «Беларускае вяселле» і інш.). Яе выкананне вылучалася пластычнасцю, эмацыянальнасцю.

Харэаграфічная кампазіцыя «На Купалле». Саліруе С.Вуячыч.

т. 4, с. 298