Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЛА́Я МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Minor, бел. нар. назва Малы Воз),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 гал. зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Найбольш яркая зорка — α М.М., ці Палярная зорка, 2-й зорнай велічыні — знаходзіцца непадалёку ад Паўн. полюса свету (на адлегласці каля 1°), з’яўляецца арыенцірам пры вызначэнні напрамку на Пн. 20 зорак сузор’я ярчэй 6-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі М.М. відаць круглы год. Гл. Зорнае неба. Іл. гл. да арт. Вялікая Мядзведзіца.

т. 10, с. 15

МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),

універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т.л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.

В.К.Шчэрбін.

т. 10, с. 15

МАЛА́Я ШВА́КШТА,

возера, гл. Малыя Швакшты.

т. 10, с. 15

МА́ЛВА,

плато на ПнЗ п-ва Індастан, у Індыі. Абмежавана на ПнЗ хр. Аравалі, паўд. ч. ўваходзіць у склад гор Віндх’я. Выш. 200—600 м. Складзена пераважна з пясчанікаў, перакрытых на Пд базальтавымі лавамі. Характэрны згладжаныя масівы і моцна расчлянёныя ступеньчатыя раўніны. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, ападкі (каля 1000 мм за год) выпадаюць пераважна летам. Рэдкастойныя мусонныя лясы і ксерафітныя хмызнякі. Вырошчваюць бавоўнік, пшаніцу.

т. 10, с. 15

МАЛДАБАСА́НАЎ (Калый Малдабасанавіч) (н. 28.9.1929, сяло імя Калініна Нарынскай вобл., Кыргызстан),

кіргізскі дырыжор, кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954), Кірг. ін-т мастацтваў (1973). З 1954 дырыжор, у 1966—73 гал. дырыжор Кірг. т-ра оперы і балета. З 1975 выкладае ў Кірг. ін-це мастацтваў (з 1984 праф., рэктар). Пад яго муз. кіраўніцтвам у Кірг. т-ры пастаўлены оперы «Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ, «Невядомы салдат» К.Малчанава, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, балеты «Асель» Уласава і «Легенда аб каханні» А.Мелікава і інш. Сярод твораў: балетараторыя «Мацярынскае поле» (паст. 1974) і балет «Сказ пра Манкурт» (паст. 1986; абодва паводле Ч.Айтматава), вак.-сімф., сімф. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні і інш. Дзярж. прэмія СССР 1976.

т. 10, с. 16

МАЛДАВА́НЕ (саманазва малдавень),

народ, асн. насельніцтва Малдовы (2,8 млн. чал.). Жывуць таксама на Украіне (324,5 тыс. чал.), у Расіі (172,7 тыс. чал., 1992). Агульная колькасць 3,35 млн. чал. Гавораць на малдаўскай мове. Вернікі — праваслаўныя. У 1996 на Беларусі створана абшчына М. «Малдова».

т. 10, с. 16

МАЛДАВЯ́НУ (Moldoveanu),

горная вяршыня ў Паўд. Карпатах, у масіве Фэгэраш, найвыш. ў Румыніі (2543 м). Складзена з крышт. парод. На схілах — хвойныя лясы і высакагорныя лугі.

т. 10, с. 16

МАЛДАГАЛІ́ЕЎ (Туманбай) (н. 20.3.1935, в. Жарсу Алмацінскай вобл., Казахстан),

казахскі паэт. Скончыў Казахскі ун-т (Алма-Ата, 1956). Друкуецца з 1954. Першая кн. вершаў і паэм «Студэнцкі сшытак» (1957). У зб-ках паэзіі «Каміла» (1960), «Дачка Алатау» (1963), «Новы сшытак» (1967), «Птушкі прылятаюць» (1978), «Дваццаць пятая вясна» (1980), «Пісьмёны на сэрцы» (1981, Дзярж. прэмія Казахстана 1983), «Далёкія гады, незабыўныя людзі» (1989) і інш. гісторыя і сучаснасць, творчая праца і багацце духоўнага свету чалавека, каханне, прыгажосць і самабытнасць роднай зямлі. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя творы М. пераклала В.Коўтун.

Тв.:

Рус. пер. — Проходят дни: Стихи. Алма-Ата, 1984.

Ж.Сахіеў.

т. 10, с. 16

МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане І стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).

т. 10, с. 16

МАЛДА́ЎСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (балканараманская падгрупа); дзярж. мова Малдовы. Мае 4 групы гаворак: паўн.-зах., паўн.-ўсх., паўд.-зах., цэнтральную. Блізкая да румынскай мовы і характарызуецца тымі ж асаблівасцямі граматычнага ладу. Нязначныя адрозненні ад рум. мовы на ўзроўні літ. нормы, часткова ў фанетыцы (крыху бліжэйшая да размоўнай мовы) і ў лексіцы (большая колькасць запазычанняў з рус. мовы). Пісьменства з 15—16 ст. на аснове кірыліцы (да 19 ст.), потым — рус. грамадз. шрыфт (у 1932—39 лацініца); з 1989 лац. графіка.

Літ.:

Очерк современного молдавского литературного языка. Кишинев, 1967;

Социально-историческая обусловленность развития молдавского национального языка. Кишинев, 1983.

т. 10, с. 16