ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,
сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т.л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 7
ЗАСЦЯРОГА АД ЗБРОІ МА́САВАГА ЗНІШЧЭННЯ,
комплекс мерапрыемстваў для зберажэння войск, насельніцтва і аб’ектаў нар. гаспадаркі ад уздзеяння ядз., хім., біял. (бактэрыяльнай) зброі.
Засцярога насельніцтва ўключае падрыхтоўку ахоўных збудаванняў, забеспячэнне людзей сродкамі індывід. засцярогі, вываз насельніцтва з буйных гарадоў у загарадную зону, папярэджанне аб пагрозе праціўніка выкарыстання зброі масавага знішчэння (ЗМЗ), біял. назіранне і кантроль заражэння навакольнага асяроддзя, запасаў харчавання і вады, сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы і інш- У войсках арганізуецца і праводзяцца ва ўсіх відах баявой дзейнасці, уключае: радыяцыйную, хім. і біял. разведку, выяўленне падрыхтоўкі і папярэджанне войск аб пагрозе выкарыстання праціўнікам ЗМЗ, разгрупаванне войск (сіл) і перыядычную змену месцаў іх дыслакацыі; выкарыстанне ахоўных уласцівасцей мясцовасці, інж. абсталяванне месцаў дыслакацыі і інш. Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
П.В.Сычоў.
т. 7, с. 7
ЗАСЦЯРО́ГА СУ́ПРАЦЬ ІАНІЗАВА́ЛЬНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
комплекс мер для аслаблення ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення на людзей, аб’екты, абсталяванне, навакольнае асяроддзе і інш. Мае 2 аспекты: засцярогу ад знешніх патокаў «закрытых» крыніц выпрамянення (радыеактыўныя прэпараты, рэактары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі, паскаральнікі) і засцярогу біясферы ад забруджванняў радыеактыўнымі рэчывамі з «адкрытых» крыніц (прадукты выкарыстання ядз. зброі, адходы ядз. прам-сці і інш.), якія трапляюць у арганізм чалавека (ці жывёлы) непасрэдна, а таксама з вадой або ежай.
Фіз. З.с.і.в. з’яўляецца матэрыял, які добра паглынае выпрамяненне (напр., свінец, бетон) і размешчаны паміж крыніцай і аб’ектам. Індывідуальныя сродкі засцярогі — камбінезоны, пнеўмакасцюмы, спец. абутак, чахлы, пальчаткі і інш.; калектыўныя — траншэі, акопы, сховішчы і інш. (гл. Ахоўныя збудаванні а таксама ваен. тэхніка, якая мае засцерагальныя ўласцівасці за кошт выкарыстання канстр. матэрыялаў, адбівальных ці паглынальных экранаў, ахоўных пакрыццяў. Хім. З.с.і.в. дасягаецца ўвядзеннем (папярэдне ці ў час апрамянення) у арганізм чалавека (ці жывёлы) рэчываў, якія павышаюць яго агульную супраціўляльнасць (лілаполіцукрыды, спалучэнні амінакіслот і вітамінаў, вакцыны) ці маюць проціпрамянёвае дзеянне (радыепратэктары; напр., меркаптааміны, цыяніды, нітрылы). Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога ад зброі масавага знішчэння.
П.В.Сычоў.
т. 7, с. 7