ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ АКУМУЛЯ́ТАР,
гл. ў арт. Акумулятар.
т. 5, с. 236
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ПРЭС,
машына статычнага (няўдарнага) дзеяння, рабочыя часткі якой прыводзяцца ў рух высокім (20—50 МПа) ціскам вадкасці. Прынцып дзеяння заснаваны на Паскаля законе.
Асн. часткі гідраўлічнага прэса: рабочыя цыліндры з поршнямі, рухомыя і нерухомыя траверсы (бэлькі), размеркавальнае прыстасаванне, сістэма кіравання. На гідраўлічным прэсе робяць коўку, штампоўку, гібку; прасаванне парашковых і інш. матэрыялаў, пакетаванне і брыкетаванне стружкі; атрымліваюць пластмасавыя і гумавыя вырабы, драўняна-стружкавыя пліты, фанеру, тэксталіт, сінт. алмазы і інш. Упершыню гідраўлічны прэс выкарыстаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. для пакетавання сена, выціскання вінаграднага соку і інш., з сярэдзіны 19 ст. — для металаапрацоўкі. Унікальныя гідраўлічныя прэсы для аб’ёмнай штампоўкі (развіваюць намаганне да 750 МН) створаны ў СССР (1960-я г.).
т. 5, с. 236
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ РУХАВІ́К,
машына, якая ператварае энергію патоку вадкасці ў мех. энергію вядзёнага звяна (вала, штока). Адрозніваюць гідраўлічныя рухавікі дынамічныя, у якіх вядзёнае звяно перамяшчаецца з-за змены моманту імпульсу патоку вадкасці (гідраўлічная турбіна, вадзяное кола), і аб’ёмныя, што дзейнічаюць ад гідрастатычнага напору і перамяшчэння выціскальнікаў — поршняў, пласцін, зубоў шасцерняў і інш. У дынамічным гідраўлічным рухавіку вядзёнае звяно робіць толькі вярчальны рух, у аб’ёмным — зваротна-паступальны (гідрацыліндры) і вярчальны (гідраматоры).
Гідрацыліндры бываюць сілавыя (шток, звязаны з поршнем, рухаецца зваротна-паступальна адносна цыліндра) і момантныя, або квадранты (вал робіць зваротна-паваротны рух адносна корпуса на вугал да 360°). Гідраматоры падзяляюцца на поршневыя (рабочыя камеры нерухомыя, а выціскальнікі рухаюцца толькі зваротна-паступальна) і ротарныя (рабочыя камеры перамяшчаюцца, а выціскальнікі ажыццяўляюць вярчальны рух, які можа спалучацца са зваротна-паступальным). Ротарныя (кулісныя) гідраматоры бываць пласціністыя і ротарна-поршневыя (аксіяльныя і радыяльныя). Найб. пашыраны аксіяльныя ротарна-поршневыя. Аб’ёмныя гідраўлічныя рухавікі выкарыстоўваюцца ў гідрапрыводзе машын. Ціск рабочай вадкасці да 35 Мн/м². Магутнасць гідраматораў да 3000 кВт.
І.У.Качанаў.
т. 5, с. 236
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
від транспарту для перамяшчэння цвёрдых сыпкіх матэрыялаў патокам вады. Падзяляецца на безнапорны (самацёчны) і напорны. Выкарыстоўваецца пры гідрамеханізацыі земляных і горных работ, транспарціроўцы сыравіны на цукр. і спіртавых з-дах, драніцы і папяровай масы на папяровых ф-ках, выдаленні попелу і шлаку з кацельняў і інш.
Транспартаванне ажыццяўляецца пры скарасцях вадкасці, большых за крытычную, калі завіслыя часцінкі матэрыялу не асядаюць. У самацёчным гідраўлічным транспарце сумесь матэрыялаў з вадой (пульпа) перамяшчаецца па трубах, жалабах, каналах пад нахілам, у напорным — па трубаправодах з дапамогай помпаў, землясосаў, эрліфтаў і інш. Гідраўлічны транспарт вызначаецца высокай прадукцыйнасцю, малымі эксплуатацыйнымі выдаткамі, магчымасцю транспартавання на вял. (да соцень кіламетраў) адлегласці і спалучэння з інш. тэхнал. працэсамі (напр., гідраўлічным разбурэннем пароды, абагачэннем матэрыялаў). Недахопы — значныя расходы вады і эл. энергіі, хуткае зношванне помпаў і трубаправодаў. Набывае пашырэнне кантэйнерны трубаправодны гідраўлічны транспарт (у шэрагу краін запатэнтаваны як «безнапорны трубаправодны транспарт» — БТТ). Герметычныя кантэйнеры-цыліндры, загружаныя матэрыялам, падаюцца ў запоўнены нясучай вадкасцю трубаправод і перамяшчаюцца ім за кошт перападу ціскаў у пачатку і канцы трубаправода або з дапамогай розных рухачоў (тросавых, стужачных, эл.-магнітных). БТТ адрозніваецца таннасцю, незалежнасцю ад надвор’я, матэрыял транспартуецца з высокай канцэнтрацыяй, не забруджваецца нясучай вадкасцю, непатрэбна яго абязводжванне. Гл. таксама Трубаправодны транспарт.
Літ.:
Введение в аэрогидродинамику контейнерного трубопроводного транспорта. М., 1986.
т. 5, с. 236
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ЎДАР,
хуткая змена ціску вадкасці ў трубаправодзе пры раптоўнай змене скорасці яе руху. У трубаправодах распаўсюджваецца ў выглядзе пругкай хвалі; можа выклікаць аварыі трубаправода. Для іх прадухілення ўстанаўліваюць ахоўныя прыстасаванні (засцерагальныя клапаны, ураўняльныя рэзервуары, паветраныя каўпакі і інш.). Гідраўлічны ўдар выкарыстоўваюць і для карысных работ, напр. у гідраўл. таранах для пад’ёму вады на выш. да 50 м. Тэорыя гідраўлічнага ўдару распрацавана М.Я.Жукоўскім.
т. 5, с. 236
ГІДРАФІ́ЗІКА
(ад гідра... + фізіка),
раздзел геафізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці гідрасферы і працэсы, што ў ёй адбываюцца. Даследуе малекулярную будову вады ва ўсіх яе станах (вадкім, цвёрдым, газападобным); фіз. ўласцівасці вады, снегу, ільду (цеплавыя, радыяцыйныя, электрычныя, радыеактыўныя, акустычныя, мех. і інш.), а таксама дынамічныя і тэрмічныя працэсы ў воднай абалонцы Зямлі, пашырэнне, паглынанне і рассейванне святла ў ёй. Падзяляецца на фізіку мора і фізіку вод сушы.
т. 5, с. 236
ГІДРАФІЛІ́Я
(ад гідра... + ...філія),
1) прыстасаванасць вышэйшых раслін да пераносу пылку вадой і апыленні кветак на паверхні вады або ў вадзе (гідрагамія). Уласціва відам узморніку, наяды, рагалісніку і інш. На Беларусі з гідрафільных раслін пашыраны рагаліснік апушчаны, наяда гнуткая, валіснерыя спіральная і інш. 2) У фізіялогіі — здольнасць тканак арганізма звязваць і ўтрымліваць ваду, перашкаджаючы яе выдаленню.
т. 5, с. 236
ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,
характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.
Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз. гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.
С.М.Ляшчоў, Я.М.Рахманько.
т. 5, с. 236
ГІДРАФІ́ТЫ
[ад гідра... + ...фіт(ы)],
водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв. гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.
т. 5, с. 237
ГІДРАФО́БНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
гл. ў арт. Гідрафільнасць і гідрафобнасць.
т. 5, с. 237