ВЕЛІКАКНЯ́ЖАЦКІ СУД,
гаспадарскі суд, вышэйшы судовы орган ВКЛ да 16 ст. Склад суда не быў дакладна вызначаны. Справы разглядалі вял. князь і паны-рада. Колькасць радных паноў на судзе магла быць рознай, але не менш як 2—3. Па 1-й інстанцыі разглядаў іскі буйных феадалаў і асоб, якія мелі спец. прывілей на вызваленне ад падсуднасці інш. судоў, а таксама іскі, што закраналі інтарэсы казны, справы аб дзярж. здрадзе, злачынствах і злоўжываннях службовых асоб, самавольным захопе дзярж. маёнткаў, зямель і прыбыткаў, пазбаўленні шляхецкіх правоў, спрэчкі аб прыналежнасці да прывілеяваных саслоўяў, зацвярджаў рашэнні камісарскіх судоў. Першапачаткова ў велікакняжацкі суд мог звяртацца кожны шляхціц. Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 абмежаваў такую магчымасць і абавязаў напачатку звяртацца ў мясц. суды. Статуты 1566, 1588 і соймавыя пастановы 1542 і 1551 замацавалі і канкрэтызавалі такі парадак. У якасці апеляцыйнай інстанцыі велікакняжацкі суд разглядаў скаргі на пастановы земскіх, гродскіх, падкаморскіх і войтаўска-лаўніцкіх судоў. Пасля згасання дынастыі Ягелонаў (1572) функцыі велікакняжацкага суда адышлі да соймавага суда і Трыбунала Вялікага княства Літоўскага.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ,
сметнікавыя куры (Megapodiidae), сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).
Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАПО́ЛЬСКА-КУЯ́ЎСКАЯ НІЗІ́НА
(Nizina Wielkopolsko-Kujawska),
нізінная раўніна ў Польшчы, паміж рэкамі Вісла і Одра, пераважна ў бас. р. Варта. Выш. ад 18 да 227 м. Складзена з ледавіковых і водна-ледавіковых адкладаў, пранізаных салянымі купаламі.
У рэльефе спалучэнне марэнных узвышшаў і град, плоскіх і ўзгоркавых раўнін і нізкіх лагчын — далін сцёку стараж. ледавіка. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, -2,5 °C, ліп. 17,5 °C, 18 °C; ападкаў 550—650 мм за год. Шматлікія азёры, вял. воз. Гопла. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Пасевы збожжавых, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Здабыча калійных солей. Вял. гарады: Познань, Быдгашч, Торунь, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАПО́ЛЬШЧА,
Вялікая Польшча (Wielkopolska), гістарычная вобласць у Польшчы, у бас. сярэдняга цячэння р. Варта. Цэнтр — г. Познань. Тэр. Велікапольшчы цяпер уваходзіць пераважна ў Пазнанскае ваяводства. У старажытнасці насяляла племя палян, якое стала ядром стараж.-польскай дзяржавы дынастыі Пястаў (першая сталіца г. Гнезна). Ад назвы палян першапачаткова наз. Польшча, з 14—15 ст. — Вял. (Старая) Польшча. У канцы 16—18 ст. да Велікапольшчы адносілі таксама Куявы, Каралеўскую Прусію, Серадзкую і Лэнчыцкую землі і Мазовію. Пасля 1-га (1772) і 2-га (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Прусіі. У 1807 увайшла ў Варшаўскае герцагства. З 1815 як Пазнанскае вял. княства зноў у Прусіі. У 1919 вернута Польшчы.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАРУ́СКІ АРКЕ́СТР,
аркестр рус. нар. інструментаў. Створаны ў 1887 у Пецярбургу В.В.Андрэевым (кіраўнік да 1918) як ансамбль з 8 музыкантаў — «Гурток аматараў ігры на балалайках». У 1896 у яго склад уведзены домры, гуслі, пазней нар. духавыя і ўдарныя інструменты; ансамбль названы Велікарускі аркестр, з 1923 — Дзярж. Велікарускі аркестр імя Андрэева, у 1936—41 Аркестр рус. нар. інструментаў імя Андрэева Ленінградскай філармоніі. Рэпертуар аркестра ўключаў апрацоўкі рус. нар. песень, п’есы Андрэева, пералажэнні твораў рус. і замежных кампазітараў. У 1951 імя Андрэева прысвоена аркестру нар. інструментаў пры Ленінградскім радыё, у складзе якога былі некаторыя артысты былога Велікарускага аркестра (з 1951 Аркестр рус. нар. інструментаў, з 1991 Рускі нар. аркестр імя Андрэева С.-Пецярбургскага тэлебачання і радыё).
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАРУ́СЫ,
велікаросы, назва рускіх, якая мела пашырэнне ў л-ры з сярэдзіны 19 ст. У сучаснай навук. л-ры захоўваецца ў тэрмінах «паўночнавелікарускі», «паўднёвавелікарускі» і «сярэдневелікарускі» для абазначэння трох асн. дыялектаў рус. мовы.
т. 4, с. 67
ВЕЛІКАРЫ́ТА,
вёска ў Беларусі, у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Рыта. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пн ад г. Маларыта, 30 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Пажэжын, на аўтадарозе Ковель—Брэст. 396 ж., 150 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму.
т. 4, с. 68
ВЕЛІКАСЕ́ЛЬСКІ СКАРБ.
Знойдзены ў 1977 у в. Вял. Сяло Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Ухаваны ў канцы 1610-х г. Складаўся з 321 сярэбранай і білоннай манеты канца 15 — пач. 17 ст. ВКЛ, Польшчы, Рэчы Паспалітай, Венгрыі, Расіі, Прусіі і інш. дзяржаў. Скарб зберагаецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.
т. 4, с. 68