адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш. правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл.Мангальскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.
нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг. грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг.нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.Бода, С.Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.А.Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг.Нар. Рэспубліка.
Літ.:
Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;
Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.
МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.
група моў мангольскіх народаў (гл.Манголы). М.м. — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) манг. мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — мангольская (у Афганістане), дагурская (у паўн.-ўсх. Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кіт. правінцыях Ганьсу і Цынхай). Для асн. М.м. ў 13 — пач. 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая манг. мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутр. Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кіт. моў. У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных М.м. непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць грамат. катэгорыі роду, шырокае ўжыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў. З пач. 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х г.асн. М.м. перайшлі на новыя алфавіты на аснове рус. графікі.
Літ.:
Тодаева Б.Х. Монгольские языки и диалекты Китая. М., 1960;
Бертагаев Т.А. Лексика современных монгольских литературных языков. М., 1974.
горная сістэма ў Манголіі і Кітаі, паўд.-ўсх.ч. Алтая. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км. Шыр. 150—300 км. Некалькі паралельных хрыбтоў выш. да 4362 м (г. Мунххайрхан—Ула), падзеленых падоўжнымі тэктанічнымі ўпадзінамі. Складзены з палеазойскіх крышт. сланцаў, парфіраў, гранітаў. Вяршыні пераважна платопадобныя, найб. высокія горы з рэльефам альпійскага тыпу. Асобныя каравыя і вісячыя ледавікі (найб. Патаніна ледавік). Пераважаюць стэпы, на больш вільготных паўд.-зах. схілах — участкі лясоў (елка, лістоўніца) і лугоў. У міжгорных упадзінах — паўпустыні. Каля вяршынь альпійскія лугі.
зараснікі вечназялёных дрэў і хмызнякоў на прыліўна-адліўнай паласе глеістых узбярэжжаў вільготных тропікаў, якія ахаваны ад прыбою. Фларыстычны састаў бедны: рызафоравыя, вербенавыя і інш. расліны-галафіты. Многія расліны жывародзячыя. Трапляюцца эпіфіты. Хадульныя карані забяспечваюць умацаванне ў субстраце. Маюць надземныя дыхальныя карані (пнеўматафоры), якія забяспечваюць дрэвы кіслародам. Лісты часта мясістыя, з вадзянымі вусцейкамі. Плады маюць паветраносную тканку і могуць плаваць у вадзе. З боку мора М.л. маюць выгляд высокіх густых хмызнякоў, па меры аддалення ад зоны прыліву — невысокіх лясоў (5—10 м). Сканцэнтраваны па плоскіх берагах усх. і зах. ўзбярэжжаў Афрыкі, на в-ве Мадагаскар, Сейшэльскіх і Маскарэнскіх а-вах, па берагах Паўд. Азіі і Паўн. Аўстраліі, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі.
горны масіў на ПдЗ Рэспублікі Тыва, Расія. Выш. да 3970 м. Складзены з крышт. сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. На паўн. схіле горныя тундры і лугі, на паўд. — высакагорныя стэпы і камяністыя тундры. У далінах месцамі лістоўнічныя лясы. Вяршыні пад ледавікамі (агульная пл. каля 44 км²).
род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.
Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.
дынастыя правіцеляў Бухарскага эмірата ў 1753—1920. Заснавальнік дынастыі Мухамед Рахім
[1753—58] прыняў тытул эміра. Найб. вядомыя прадстаўнікі М.: Даніял-бей [1758—85],
Шах-Мурад [1785—1800], Хайдар [1800—26], Насрула [1826—60], Музафар-эд-дзін [1860—85]. Яны ажыццяўлялі палітыку цэнтралізацыі эмірата, падпарадкоўваючы сабе мясц. феадалаў, вялі барацьбу з Какандскім і Хівінскім ханствамі. Паводле дагавораў 1868 і 1873 прызналі пратэктарат Расіі над Бухарой. У вер. 1920 апошні эмір з М. Алім-хан — быў скінуты часцямі Чырв. Арміі на чале з М.В.Фрунзе і ўцёк у Афганістан. М. прысвечана праца таджыкскага пісьменніка і вучонага Айні «Гісторыя эміраў Мангыцкай дынастыі» (1923).
паўвостраў на ўсх. узбярэжжы Каспійскага м., у Казахстане. Удаецца ў мора прыблізна на 250 км. Асн.ч. — горы Мангістау (выш. да 556 м, г. Бесшокы); на Пд плато Мангышлак (выш. 200—275 м) з асобнымі саланчаковымі ўпадзінамі, днішчы якіх ляжаць ніжэй узр. мора (Карагіе, -132 м, і Каунды, -57 м); на Пн нізкая акумулятыўная раўніна п-ва Бузачы. Пераважаюць гліністыя, палыновыя, саланчаковыя, месцамі пясчаныя і камяністыя пустыні. Клімат кантынентальны, сухі. Ападкаў каля 160 мм за год. Расліннасць пустынная. Радовішчы нафты, газу, марганцу і фасфарытаў.