род млекакормячых сям. віверавых атр. драпежных звяроў. 14 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Малой, Пярэдняй і Паўд. Азіі, Афрыцы. Акліматызаваны ў Вест-Індыі, на Гавайскіх і Фіджы а-вах. Жывуць у розных умовах. Трымаюцца паасобна, часам групамі. Найб. вядомы самы буйны прадстаўнік роду М. егіпецкі — іхнеўмон (H. ichneumon), або фараонаў пацук.
Даўж. цела да 65 см, хваста да 51 см, маса да 3,2 кг. Тулава падоўжанае, канечнасці кароткія, морда вострая. Поўсць кароткая, грубаватая. Афарбоўка бурая розных адценняў, часам са светлымі плямамі. Драпежнікі, кормяцца дробнымі жывёламі, пераважна грызунамі і змеямі, у т. л. ядавітымі. Імунітэту да змяінага яду не маюць, спраўляюцца з імі дзякуючы хуткай рэакцыі. Нараджаюць 2—4 дзіцяняці. Лёгка прыручаюцца. М. называюць таксама шэраг інш. родаў сям. віверавых.