Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕЗАПА́ЎЗА [ад мез(а)... + паўза],

пераходны слой атмасферы паміж мезасферай і тэрмасферай на выш. каля 80 км. Супадае з узроўнем мінім. т-ры. На гэтай вышыні назіраюцца серабрыстыя воблакі.

т. 10, с. 258

МЕЗАРЭЛЬЕ́Ф [ад мез(а)... + рэльеф],

форма рэльефу, сярэдняя па памерах паміж формамі макрарэльефу і мікрарэльефу з амплітудамі вышынь, якія не перавышаюць звычайна некалькіх дзесяткаў метраў (невял. грады, камы, озы, лагчыны, дзюны, гразевыя вулканы і інш.). Створаны пераважна экзагеннымі працэсамі (акумуляцыя, эрозія, дэфляцыя і інш.).

т. 10, с. 258

МЕЗАСФЕ́РА [ад мез(а)... + сфера],

сярэдні слой атмасферы, які ляжыць над стратасферай, на выш. ад 50 км да 80—85 км. Характарызуецца паніжэннем сярэдняй т-ры з вышынёй (прыкладна ад 0 °C на ніжняй мяжы да -90 °C каля верхняй мяжы).

т. 10, с. 258

МЕЗАТРО́ФНАЕ БАЛО́ТА,

тое, што пераходнае балота.

т. 10, с. 259

МЕЗАТРО́ФЫ [ад мез(а)... + ...троф(ы)],

расліны, сярэдне патрабавальныя да наяўнасці ў глебе элементаў мінер. жыўлення. Займаюць прамежкавае становішча паміж алігатрофамі і эўтрофамі. Да М. адносяць зялёныя імхі, некат. драўняныя пароды (напр., елка), з кусцікаў — чарніцы, брусніцы, а таксама нешматлікія травяністыя расліны, што растуць пад полагам цёмнахвойнага лесу (напр., кісліца, майнік і інш.).

т. 10, с. 259

МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 259

МЕЗАТЭРМІ́Я [ад мез(а)... + тэрма...],

часовае павышэнне т-ры вады ў вадаёме на глыб. 0,5—1,5 м. Працягваецца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. На вадаёмах Беларусі адзначаецца вясной пры награванні вады праз лёд, летам пры рэзкім начным ахаладжэнні паверхні вады і восенню ў пач. разбурэння прамой тэмпературнай стратыфікацыі.

т. 10, с. 259

МЕЗАТЭ́РМЫ [ад мез(а)... + тэрма...],

расліны, якія жывуць у мясцовасцях з дастатковай колькасцю ападкаў і сярэдняй гадавой т-рай ад 15 да 20 °C. Тэрмін прапанаваны швейц. батанікам А.​Дэкандолем у 2-й пал. 19 ст.

т. 10, с. 259

МЕЗАФІ́ЛЫ [ад мез(а)... + філ(ы)],

жывёлы, якія жывуць пераважна ў месцах з сярэднім узроўнем увільготненасці. Патрабавальнасць да вільготнасці асяроддзя ў М. залежыць ад воднага балансу арганізма і рэгулюецца шэрагам марфал., фізіял. і экалагічных прыстасаванняў. Напр., тыповы М. у фауне Беларусі сярод насякомых — матыль соўка азімая, які насяляе палеткі папарныя або з прапашнымі культурамі і інш. месцы з оптымумам адноснай вільготнасці паветра 50—80%.

т. 10, с. 259

МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],

расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.

т. 10, с. 259