Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Кокрэл Кенет

т. 18, кн. 1, с. 409

КОКС (ням. Koks ад англ. coke),

цвёрды вугляродзісты астатак, які ўтвараецца пры каксаванні прыродных паліваў (каменнага вугалю, торфу і інш.), а таксама некаторых нафтапрадуктаў (напр., гудронаў). Мае ў сабе 91—99,5% вугляроду. Каменнавугальны К. выкарыстоўваюць як паліва і аднаўляльнік жал. руды ў вытв-сці чыгуну, нафтавы — як матэрыял для вырабу электродаў і каразійнаўстойлівай апаратуры, аднаўляльнік пры атрыманні ферасплаваў і інш.

т. 8, с. 380

КОКС ((Coxe) Уільям) (1747, Лондан — 1828),

англійскі гісторык і падарожнік. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. Аўтар працы «Гісторыя аўстрыйскага двара» (1807), кніг пра Іспанію і Францыю. Двойчы наведаў Расію, у 1779 праязджаў праз Беларусь. У кнізе «Падарожжы праз Польшчу, Расію, Швецыю і Данію» (Лондан, 1784) апісаў выгляд гарадоў Гродна, Навагрудка, Міра, Мінска, Барысава, Оршы і вёсак, побыт іх жыхароў.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 380

КО́КСАВАЯ ПЕЧ,

агрэгат для ператварэння каксаваннем каменнага вугалю ў кокс. Складаецца з камеры каксавання і ацяпляльных прасценкаў, у якіх спальваецца газ. Звычайна К.п. аб’ядноўваюць у батарэі (па 61—77 печаў) з агульнай сістэмай падводу газу і адводу лятучых рэчываў, падачы вугалю і інш. Для падагрэву паветра і газу К.п. абсталёўваюцца рэгенератарамі.

Батарэя коксавых печаў: 1 — камера каксавання; 2 — коксавыштурхвальнік; 3 — рэгенератар; 4 — кокс; 5 — газаправод; 6 — гасільны вагон.

т. 8, с. 380

КО́КСАВЫ ГАЗ,

гаручы газ, адзін з прадуктаў каксавання каменнага вугалю. Асн. кампаненты К.г. (у % па аб’ёме): вадарод (58—62), метан (24,5—26,5), аксід (5—7) і дыаксід вугляроду (1,5—3), азот (2—3,5). Выбухованебяспечны, таксічны. Найніжэйшая цеплата згарання 18—18,5 МДж/м³. Выкарыстоўваюць як паліва для прамысл. печаў, газавых рухавікоў, сыравіну ў хім. прам-сці.

т. 8, с. 380

КОКСАХІ́МІЯ,

галіна хіміі і хім. тэхналогіі, якая даследуе састаў і ўласцівасці прыроднага паліва (пераважна каменнага вугалю) і распрацоўвае метады яго перапрацоўкі. Асн. віды коксахім. прадукцыі — кокс, коксавы газ, разнастайныя хім. прадукты (напр., вадарод, метан, бензол, нафталін, каменнавугальнае масла).

т. 8, с. 380

КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). З 1958 у Бел. акад. т-ры імя Я.​Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.​Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.​Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.​Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.​Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.​Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.​Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.​Вампілава).

В.​С.​Іваноўскі.

Т.А.Кокштыс.
Т.Кокштыс у ролі Жабрака.

т. 8, с. 380

КОК-САГЫ́З (Taraxacum kok-saghyz),

кветкавая расліна роду дзьмухавец. Пашыраны ў міжгорных далінах Усх.

Цянь-Шаня. Да 1954 вырошчваўся ў Еўрапейскай ч. СССР як лепшы натуральны каўчуканос флоры. З развіццём вытв-сці сінт. каўчуку не культывуецца.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—30 см. Лісце падоўжанае, зубчастае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, дробныя, у адзіночных кошыках. На адной расліне бывае да 200 кветаносаў. Плод — сямянка. Корань стрыжнёвы, у яго млечных сасудах назапашваецца каўчук. Пры пашкоджванні кораня латэкс выцякае ў выглядзе белай вадкасці, якая хутка застывае і ўтварае плеўку эластычнага каўчуку. Па якасці не саступае каўчуку трапічных каўчуканосных раслін.

У.​П.​Пярэднеў.

Кок-сагыз.

т. 8, с. 380

КО́ЛА ў тэхніцы,

прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.

К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл. Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл. Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).

Літ.:

Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.

У.​М.​Сацута.

Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.

т. 8, с. 381

«КО́ЛА»,

«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.​Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.​Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.​Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 381