прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.
К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл.Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл.Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).
Літ.:
Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.
У.М.Сацута.
Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.