Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕРО́ЛЬД

(ням. Herold ад позналац. Heraldus),

службовая асоба пры манаршых і буйных феадальных дварах Зах. Еўропы. У раннім сярэдневякоўі выконваў функцыі парламенцёра. З 12 ст. герольды кіравалі правядзеннем рыцарскіх турніраў, у час якіх абвяшчалі ўдзельнікаў з апісаннем іх гербаў і радаводаў. З 14 ст. пасада герольда сталая, іх абавязкам было складанне гербоўнікаў, радаводаў, гербаў для асоб, якім падаравана шляхецтва, кіраванне і ўдзел у ганаровых цырымоніях. Падзяляліся на рангі, найвышэйшы — «гербавы кароль». Пасада герольда існуе ў некат. сучасных краінах. У Расіі функцыі герольда ў 1722—1917 выконваў герольдмайстар, для ўдзелу ва ўрачыстых цырымоніях у 19 — пач. 20 ст. прызначаліся спец. герольды.

т. 5, с. 199

ГЕРОЛЬДМА́ЙСТАР,

службовая асоба ў Расіі ў 1722—1917, якая ўзначальвала Герольдыю (Герольдмайстарскую кантору). Выконваў функцыі герольда: загадваў складаннем гербаў, дваранскіх спісаў, сачыў, каб дваране не ўхіляліся ад дзярж. службы і інш.

т. 5, с. 199

ГЕРО́Н

(Heronus) Александрыйскі, старажытнагрэчаскі вучоны, які ў 1 ст. працаваў у Александрыі. Аўтар прац «Пнеўматыка» і «Механіка», у якіх сістэматызаваў дасягненні ант. навукі ў галіне прыкладной матэматыкі (апісаў аўтамат для адчынення дзвярэй, вадзяны арган, пажарную помпу і інш.). Аўтар адной з першых кніг па тэхніцы — «Тэатр аўтаматаў». У «Метрыцы» прывёў формулы для вылічэння плошчаў і аб’ёмаў геам. фігур (у т. л. Герона формула),

правілы рашэння квадратных ураўненняў, прыблізнага здабывання квадратных і кубічных каранёў і інш. Яго матэм. працы — энцыклапедыя ант. прыкладной матэматыкі.

Літ.:

История математики. Т. 1. М., 1970.

т. 5, с. 199

ГЕРО́НА ФО́РМУЛА,

формула, якая выражае плошчу трохвугольніка S праз даўжыні яго старон a, b, c: S = p (p a) (p b) (p c) , дзе p = (a+b+c) 2 — паўперыметр трохвугольніка. Названа імем Герона Александрыйскага.

т. 5, с. 199

ГЕ́РПЕС

(ад грэч. herpēs лішай),

вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.

т. 5, с. 199

ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ

(ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння геперталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз. батрахалогіяй. Геперталогіі цесна звязаны з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё геперталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.

На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш. Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс. экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.

Літ.:

Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.

М.М.Пікулік.

т. 5, с. 199

ГЕ́РСА,

пад’ёмная металічная ці акаваная жалезам дубовая рашотка, якая дадаткова зачыняла праём вежы-брамы. У еўрап. замках з’явілася ў сярэдзіне 15 ст., на Беларусі — ў канцы 15 — пач. 16 ст. Была важным элементам абароны замка, дзядзінца і інш. — прыкрывала дашчаныя вароты. Герса падымалася і апускалася на ланцугах пад’ёмным механізмам у спец. праёмы брамы. Ніжнія канцы рашоткі былі завостраныя і заходзілі ў спец. гнёзды. Звонку герса часта засланялася пад’ёмным мостам. Былі ў Мірскім замкава-паркавым комплексе, Полацкім Сафійскім саборы, Супрасльскай царкве-крэпасці, Сынковіцкай царкве-крэпасці і інш.

М.А.Ткачоў.

т. 5, с. 199

ГЕРСО́ПА,

вадаспад у Зах. Гатах, на р. Шараваты, у Індыі. Сістэма з 4 каскадаў (агульная выш. 252 м). ГЭС.

т. 5, с. 200

ГЕРТ,

расійскія артысты балета, педагогі.

Павел (Павел Фрыдрых) Андрэевіч (4.12.1844, в. Валынкіна, каля С.-Пецярбурга — 12.8.1917). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1864). У 1880—1904 выкладаў у ім. У 1860—1916 у Марыінскім т-ры; адзін з лепшых класічных танцоўшчыкаў пецярбургскай сцэны. Валодаў свабодным шырокім жэстам, пластычнай і мімічнай выразнасцю. Стварыў галерэю розных па характары вобразаў — напружана драматычных, лірыка-рамант. і востракамедыйных. Паставіў шэраг спектакляў. Сярод вучняў: Г.Паўлава, Т.Карсавіна, А.Ваганава, М.Фокін, В.Ціхаміраў.

Лізавета Паўлаўна (29.4.1891, С.-Пецярбург — 6.11.1975), засл. дз. маст. Расіі (1951). Дачка Паўла Андрэевіча. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1908). У 1908—28 у Марыінскім т-ры. Яе пластычны, дасканалы па форме танец стаў у 1920-я г. эталонам акад. балетнай культуры. Сярод партый: Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Нікія («Баядэрка» Л.Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.Дэльдэвеза), Мірта («Жызэль» А.Адана). Выкладала ў харэагр. вучылішчы і т-ры оперы і балета ў Ленінградзе (1927—34), у харэгр. вучылішчы (1935—60) і Вял. т-ры (з 1935) у Маскве. Сярод вучаніц: А.Шэлест, М.Плісецкая, В.Стручкова, В.Боўт, К.Максімава.

т. 5, с. 200

ГЕРТ Зіновій Яфімавіч

(21.9.1916, Масква — 18.11.1996),

расійскі акцёр тэатра і кіно. Нар. арт. СССР (1990). З 1945 у Цэнтр. т-ры лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, з 1988 у Маскоўскім т-ры імя М.М.Ярмолавай. Вострахарактарны, пераважна камедыйны акцёр. Майстар эпізоду. У яго творчасці спалучаліся сумны гумар, іронія і скептыцызм з тонкай лірыкай. З 1958 у кіно. Здымаўся ў фільмах: «Фокуснік», «Залатое цяля», «Печкі-лавачкі», «Аўтамабіль, скрыпка і сабака Клякса», «Уцёкі містэра Мак-Кінлі», «Казкі, казкі... казкі старога Арбата», «Ключ без права перадачы», «Біндзюжнік і кароль», «Фауст» і інш. Аўтар п’есы «Пацалунак феі» (разам з М.Львоўскім).

т. 5, с. 200