ГЕРО́ЛЬД

(ням. Herold ад позналац. Heraldus),

службовая асоба пры манаршых і буйных феадальных дварах Зах. Еўропы. У раннім сярэдневякоўі выконваў функцыі парламенцёра. З 12 ст. герольды кіравалі правядзеннем рыцарскіх турніраў, у час якіх абвяшчалі ўдзельнікаў з апісаннем іх гербаў і радаводаў. З 14 ст. пасада герольда сталая, іх абавязкам было складанне гербоўнікаў, радаводаў, гербаў для асоб, якім падаравана шляхецтва, кіраванне і ўдзел у ганаровых цырымоніях. Падзяляліся на рангі, найвышэйшы — «гербавы кароль». Пасада герольда існуе ў некат. сучасных краінах. У Расіі функцыі герольда ў 1722—1917 выконваў герольдмайстар, для ўдзелу ва ўрачыстых цырымоніях у 19 — пач. 20 ст. прызначаліся спец. герольды.

т. 5, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)