ВУ́СНАЯ МО́ВА,
гукавая форма мовы, якой карыстаюцца людзі ў непасрэдных зносінах паміж сабой, у адрозненне ад пісьмовай мовы. Бел. вусная мова ў адносінах да пісьмовай рэалізуецца ў стылявых разнавіднасцях. Афіцыйная мова (аратарская) выкарыстоўваецца ў афіц. выступленнях, лекцыях, дакладах; характарызуецца павольным тэмпам, вытрыманасцю вымаўленчых нормаў, лексікай і сінтаксісам набліжаецца да пісьмовай мовы. Штодзённа-размоўнай мовай карыстаюцца ў гутарках неафіц. характару, бытавых абставінах; вызначаецца менш выразным вымаўленнем гукаў, перавагай бытавой лексікі, прастатой сінтаксічных канструкцый. Народна-дыялектная мова захоўваецца пераважна ў асяроддзі сельскага насельніцтва і характарызуецца мясц. асаблівасцямі ў фанетыцы, граматыцы і лексіцы. У вуснай мове важную ролю адыгрываюць нелексічныя сродкі — інтанацыя, жэсты, міміка.
А.І.Жураўскі.
т. 4, с. 296
ВУ́СТРЫЦЫ
(Ostreidae),
сямейства двухстворкавых малюскаў. Вядомы з палеазою. Каля 50 відаў, пашыраных у цёплых і ўмераных морах да глыб. 70 м, утвараюць значныя скопішчы — вустрычныя банкі. Найб. вядомыя: вустрыца ядомая (Ostrea edulis), вустрыца гіганцкая (Crassostrea gigas), вустрыца пласціністая (Crassostrea denselamellosa), вустрыца віргінская (Crassostrea virginica).
Ракавіны даўж. 6—45 см, няправільнакруглаватай або авальна-клінападобнай формы. Створкі несіметрычныя: ніжняя (ёй вустрыцы прырастаюць да камянёў, скал) сподкападобная, верхняя пляскатая. Фільтратары. Гермафрадыты, некаторыя раздзельнаполыя; у ваду выходзіць лічынка, якая сфарміравалася. Ядомыя, здабываюць і штучна разводзяць.
т. 4, с. 296
ВУ́СТЭР
(Worcester),
горад на ПнУ ЗША, штат Масачусетс. Засн. Ў 1668. 169,8 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 500 тыс. ж. (1992). Важны гандл.-прамысл. і культ. цэнтр Новай Англіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. вытв-сць металарэзных станкоў і інструменту, абразіваў, шліфавальнага інструменту, стальнога і меднага дроту, кабелю, прамысл. абсталявання; прыладабудаванне, радыёэлектронная прам-сць. Ун-т.
т. 4, с. 296
ВУ́СЦЕ ракі, месца ўпадзення ракі ў мора, возера, інш. раку, а таксама месца, да якога даходзіць вадацёк. Адрозніваюць вусці: простыя, калі рэчышча не падзяляецца на рукавы і захоўваецца яго шырыня (р. Тыбр); дэльты (р. Ніл); эстуарыі (р. Тэмза); ліманныя (р. Паўд. Буг); вісячыя (у гарах); сляпыя, калі рака не даходзіць да вадаёма ці інш. ракі.
На тэр. Беларусі пераважаюць простыя вусці рэк.
т. 4, с. 296
ВУ́СЦЕ,
вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Вусце». За 18 км на Пд ад г. Орша, 98 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Чэрвена. 942 ж., 345 двароў (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі гарадзішча жал. веку і раннефеад. часу.
т. 4, с. 296
ВУ́СЦЕ,
радовішча мелу каля в. Вусце Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. Пластавы паклад прымеркаваны да верхнемелавых адкладаў. Мел белы, шаравата-белы, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 23 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 4,9—16,8 м, ускрыша 0,2—9,4 м. Прыдатны для вытв-сці вапны.
т. 4, с. 296
ВУ́СЦЕЙКА,
высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісу раслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм² паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.
т. 4, с. 296
ВУ́СЫ,
1) у чалавека (мужчын) валасы над верхняй губой (другасная палавая прыкмета).
2) У многіх наземных млекакормячых (напр., катоў) — вібрысы на верхняй губе. У бяззубых кітоў (кітовы вус) — рагавыя пласцінкі ў верхняй сківіцы, якія ўтвараюць цадзільны апарат, на рыле — адзіночныя валаскі для дотыку. У некаторых птушак (напр., у вусатых сініц) — шчацінкападобнае пер’е ў вуглах рота, якое выконвае функцыю дотыку.
т. 4, с. 296
ВУ́СЫ ў раслін, паўзучыя або сцелістыя надземныя парасткі з доўгімі міжвузеллямі і лускападобным лісцем. Служаць для вегетатыўнага размнажэння раслін (напр., вусы ў суніц). Падземныя і (часам) надземныя вусы ў раслін называюць сталонамі. Вусы, якія маюць зялёнае лісце з развітымі пласцінкамі, часам кветкі і суквецці, наз. плеці.
т. 4, с. 296
«ВУ́ТАЧКА»,
«Утачка-лябёдачка», бел. нар. гульнёвы танец-карагод. Муз. памер . Тэмп павольны. Зафіксаваны ў 19 ст. на Магілёўшчыне, Віцебшчыне і інш. Выконваўся пад песню («Вутачка шэра, лябёдачка бела...»). Вылучаецца разнастайнасцю харэаграфічнага малюнка і фігур: выканаўцы імітуюць рухі і звычкі качак. Харэаграфічна апрацаваны танец увайшоў у рэпертуар прафес. і самадз. калектываў.
Л.К.Алексютовіч.
т. 4, с. 296