РА́ЧЫЧ ((Račić) Іосіп) (22.3.1885, Хорваці каля г. Заграб, Харватыя — 20.6.1908),
харвацкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў Мюнхене ў школе А.Ажбе і АМ (1905—08). Аўтар партрэтаў і жанравых кампазіцый, якія вызначаюцца інтымнасцю вобразаў, драм. выразнасцю абагульненай манеры пісьма, стрыманай, размытай, багатай тонавымі пераходамі колеравай гамай: аўтапартрэт, «Дама ў чорным», «Партрэт старога» (абодва 1907), «Маці і дзіця», «Дзяўчынка перад люстэркам» (1908) і інш.
т. 13, с. 385
РАЧЭ́НЬ вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Любань—Старобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г. Любань, 167 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Урэчча. 780 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 385
РАША́ЛЬ (Рыгор Львовіч) (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),
расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед. т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.Строевай), аповесці М.Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.
Тв.:
Кинолента жизни. М., 1974.
Літ.:
Розен С. Григорий Рошаль. М., 1965.
т. 13, с. 385
РАШКО́ЎСКІ (Леанід Сямёнавіч) (9.1.1937, г. Барысаў Мінскай вобл. — 31.5.1994),
бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1964—68). Друкаваўся з 1955. Пісаў на бел. і рус. мовах. Героі вершаў са зб-каў «Няхай не паміраюць зоркі» (1968), «Лівень» (1975), «Пераадоленне» (1979) — няскораныя і моцныя духам людзі, якія вераць ў свае сілы. Аўтар кніг паэзіі для дзяцей «Як пінгвіну шылі фрак» (1970), «Трубач» (1976), «На вясёлай каруселі» (1984) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы П.Броўкі, С.Грахоўскага, Е.Лось, У.Нядзведскага, А.Сербантовіча. На бел. мову яго рус. вершы пераклалі Грахоўскі, М.Калачынскі, К.Камейша, Нядзведскі, Ю.Свірка.
Тв.:
Откровение Мн., 1987.
Л.М.Гарэлік.
т. 13, с. 385
РАШТА́ЦКІ МІР 1714,
мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.
т. 13, с. 386
РАШЧЫ́НСКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 2.4.1949, г. Лагойск Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, збіральнік бел. песенна-танц. фальклору. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975, кл. хар. дырыжыравання), Бел. кансерваторыю (1984, кл. кампазіцыі Я.Глебава). З 1973 выкладае (з перапынкамі) у Мінскім муз. каледжы імя Глінкі. У 1976—79 муз. кіраўнік і артыст аркестра ансамбля «Харошкі», у 1989—94 маст. кіраўнік і артыст гурта «Купалінка» пры Белдзяржфілармоніі. Найб. плённа працуе ў жанры нар.-харавой кампазіцыі. Творам уласцівы нац. характарнасць, дэмакратызм, адраджэнне традыцый нар. выканальніцтва. Сярод твораў: сімфонія (1983), араторыя «Смутак памяці» на вершы бел. паэтаў (1984), кантата «Дзіцячыя песні» на нар. словы (1982), канцэрт для цымбалаў і арк. бел. нар. інструментаў (1986), сюіты для сімф. арк. (1985), нар. інструментаў у 3 ч. (1986) і «Калядныя ігрышчы» (1989), канцэртная фантазія «З рога ўсяго многа» (1987), музыка для хору і інш. Збірае і апрацоўвае бел. песенна-танц. фальклор. Укладальнік зб-каў песенна-муз. нар. творчасці розных рэгіёнаў Беларусі: «Беларускія народныя танцавальныя песні» (1988), «Танцавальная музыка Беларусі: Народныя танцы радзімы Якуба Коласа» (1992), «Мелодыі Гарыні і Убарці» (ч. 1—2, 1993) і інш. Лаўрэат Усесаюзных (1977. 1983) і Рэсп. (1980) конкурсаў артыстаў эстрады.
Т.Г.Мдывані.
т. 13, с. 386
РАШЫ́ДАЎ (Рашыд Меджыдавіч) (н. 1.5.1928, Ванашы-Махі, Дагестан),
даргінскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1978). Скончыў Дагестанскі пед. ін-т (1949). Друкуецца з 1945. Аўтар зб-каў вершаў для дзяцей «Маё шчасце» (1948), «Кураняты» (1956), «Водар сонца» (1963), «Калі заснулі пчолы» (1968), «Суседзі смяюцца» (1969), «Ранняй восені колеры» (1972), «Свой лёс» (1975), «Яснее дзень» (1980), «Іней» (1985). Перакладае А.Пушкіна, М.Лермантава, М.Горкага і інш. Дзярж. прэмія Дагестана 1970.
т. 13, с. 386
РАШЫ́ДАЎ (Шараф Рашыдавіч) (6.11.1917, г. Джызак, Узбекістан — 6.11.1983),
партыйны і сав. дзеяч Узбекістана, пісьменнік. Скончыў Узб. ун-т у Самаркандзе (1941), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1948). Настаўнічаў. З 1935 на журналісцкай працы, у 1943—49 рэдактар газет «Ленін юлы» («Ленінскі шлях») і «Кзыл Узбекістон» («Чырвоны Узбекістан»). У 1949—50 старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана. З 1950 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета УзбССР. У 1959—83 першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана. З 1961 кандыдат у чл. Прэзідыума (з 1966 Палітбюро) ЦК КПСС. Аўтар вершаў і празаічных твораў.
т. 13, с. 386
РАШЭ́ЛЬ [Rachel; сапр. Фелікс (Félix) Эліза Рашэль; 28.2.1821, Мумпф, Швейцарыя — 3 або 4.1.1858],
французская актрыса. Вучылася ў акцёра і педагога Ж.І.Сансона. У 1837 дэбютавала ў т-ры «Жымназ», у 1838 — у «Камеды Франсэз». З мастацтвам Р. звязана адраджэнне класіцызму на франц. сцэне. Аснову яе рэпертуару склалі ролі ў творах П.Карнеля — Каміла («Гарацый»), Эмілія («Цына»); Ж.Расіна — Федра, Эсфір, Гафалія (аднайм. п’есы), Герміёна («Андрамаха»), Раксана («Баязет»). Творчасці ўласцівы строгасць, пластычная завершанасць формы ў спалучэнні з эмацыянальнасцю, непасрэдным выражэннем пачуццяў. У 1855 пакінула сцэну.
т. 13, с. 386
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 13, с. 386