Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́НАР (англ. manor ад лац. maneo астаюся, пражываю),

назва феад. вотчыны ў сярэдневяковай Англіі. Сфарміраваўся ў 11—12 ст. Складаўся з дамена — зямлі, на якой уласную гаспадарку землеўладальніка-лорда вялі юрыд. падсудныя яму прыгонныя сяляне-віланы, зямлі трымальнікаў — віланаў і вольных сялян, а таксама абшчынных угоддзяў. З развіццём капіталіст. адносін і знікненнем катэгорыі віланаў (15—16 ст). М. паступова перараджаўся і ў 18 ст. канчаткова знік.

т. 10, с. 59

МАНА́РАЎ (Муса Хіраманавіч) (н. 22.3. 1951, Баку),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1988, 1991), лётчык-касманаўт СССР (1988). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1974). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 21.12.1987—21.12.1988 з У.Г.Цітовым і А.С.Леўчанкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз ТМ-4» і арбітальнай станцыі «Мір» (вярнуўся на Зямлю на касм. караблі «Саюз ТМ-6»), 2.12.1990—26.5.1991 з В.​М.​Афанасьевым — палёт (як борт-інжынер) на касм. караблі «Саюз ТМ-11» і арбітальнай станцыі «Мір». У космасе правёў 541 сут.

т. 10, с. 60

МАНА́РХ (грэч. monarchos ад monos адзін + archos правіцель),

аднаасобны кіраўнік дзяржавы, які ажыццяўляе ўладу паводле ўласнага права, а не ў дэлегаваным парадку. Улада М. з’яўляецца, як правіла, пажыццёвай і перадаецца ў спадчыну. Ва ўсіх манархічных краінах М. паводле закону — недатыкальная асоба. У розных краінах М. маюць розныя назвы: кароль — у Вялікабрытаніі, Іспаніі, Даніі, Швецыі, Бельгіі; султан — у Малайзіі, Брунеі, Амане, эмір — у Кувейце, Аб’яднаных Араб. Эміратах, вял. герцаг — у Люксембургу, князь — у Ліхтэнштэйне. Гл. таксама Манархія.

т. 10, с. 60

МАНАРХІ́ЗМ (ад мана... + грэч. orchis яечка),

адсутнасць аднаго яечка ў мужчын; анамалія развіцця. Часам спалучаецца з прыроджанай адзінай процілеглай ныркай.

т. 10, с. 60

МАНА́РХІЯ (ад грэч. monarchia адзінаўладдзе),

форма праўлення, пры якой кіраўніком дзяржавы з’яўляецца манарх. Яго ўлада, як правіла, з’яўляецца пажыццёвай і перадаецца ў парадку прастоланаследдзя. Захоўваюцца 2 гіст. тыпы М. — абсалютная і канстытуцыйная. Абсалютная М. характарызуецца юрыд. і фактычным сканцэнтраваннем усёй паўнаты дзяржаўнай, а таксама духоўнай (рэліг.) улады ў руках манарха. У наш час у свеце 8 краін з абсалютнай М.: ААЭ, Аман, Бахрэйн, Бруней, Ватыкан, Катар, Кувейт, Саудаўская Аравія. Пры канстытуцыйнай М. ўлада манарха абмежавана канстытуцыяй, ёсць выбарны заканад. орган — парламент і незалежныя суды; манарх пазбаўлены права самастойна ажыццяўляць фармальна захаваныя за ім паўнамоцтвы, і ўсе акты, што зыходзяць ад яго імя, патрабуюць ухвалення кабінета міністраў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які нясе адказнасць перад парламентам. Прыкладам такой М. з’яўляецца Вялікабрытанія. Асобая разнавіднасць М. — выбарная, якая спалучае элементы М. і рэспублікі. Такая М. існуе ў Малайзіі.

т. 10, с. 60

МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),

верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.​Панчанкі, «Лірычны жарт» С.​Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.​Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.​Вярцінскага:

Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

МАНАРЫ́ФМА (ад мана... + рыфма),

рыфма, якая спалучае ўсе радкі вершаванага твора:

Ці не бачылі вы фрыца,
Што ўсяго цяпер баіцца?
Ён баіцца ў лазні мыцца:
Вельмі лёгка абварыцца,
І ў цырульніка галіцца
Можа з горла кроў паліцца.
А падыдзе да крыніцы,
Не адважыцца напіцца,
Каб насмерць не атруціцца...
Трэба, хлопцы, згаварыцца,
З акупантам разлічыцца
І зрабіць яму капут.
(П.​Панчанка. «Чаго баіцца немец?»).

Верш, напісаны М., наз. манарым.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 60

МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,

транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.

Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.

І.​І.​Леановіч.

Навясная манарэйкавая дарога сістэмы «Трансрапід» (ФРГ).
Схема манарэйкавай дарогі а — навясной (1 — накіроўнае кола, 2 — вядучае кола, 3 — электрарухавік, 4 — апорная бэлька, 5 — кантактная рэйка); б — падвеснай (1 — вагон, 2 — апорная бэлька, 3 — вядучае кола).

т. 10, с. 60

«МАНА́С»,

кіргізскі гераічны эпас. Складаецца з 3 сюжэтных частак: «Манас», «Семетэй», «Сейтэк». Уключае фалькл. творы пра жыццё і подзвігі абаронцаў кірг. зямлі ад чужаземных захопнікаў — волата і хана Манаса і яго пераемнікаў сына Семетэя і ўнука Сейтэка. Ствараўся і выконваўся песнярамі-казачнікамі (манасчы). Вядома 18 варыянтаў (асобныя з іх маюць больш за паўмільёна вершаваных радкоў). Упершыню запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Вызначаецца багатай вобразнасцю, казачна-міфалагічнымі элементамі, гіпербалізацыяй.

Публ.:

Рус. пер. — Манас. М., 1960.

Літ.:

«Манас» — героический эпос киргизского народа. Фрунзе, 1968;

Кыдырбаева Р.З. Генезис эпоса «Манас». Фрунзе, 1980.

т. 10, с. 60

МАНАСЗО́Н (Монас Ісакавіч) (26.12. 1907, г. Магілёў — 30.11.1980),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1929). Працаваў у гіст. і быт. жанрах. Гіст. падзеям прысвечаны творы «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск 11 ліпеня 1920 г.» (1937), «Сустрэча савецкіх танкістаў у Заходняй Беларусі. 1939 год» (1940), «Паўстанне рамеснікаў у Магілёве ў 1606 г.» (з М.​Беляніцкім, 1964), «Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля ў 1916 годзе ў Мінску» (1974), «Камуністычны Маніфест» (1980) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны карціны «Клятва танкістаў» (1946), «Вяртанне» (1958), трыпціх «Не забудзем, не даруем!» (1965) і інш. Аўтар твораў «Мінск адраджаецца» (1949), «Раніца» (1958), «На будоўлі» (1965), «Мінск і мінчане» (1973) і інш.

Літ.:

М.​І.​Манасзон. Мн., 1978.

М.Манасзон. Раніца. 1958.

т. 10, с. 60