МАНА́РХІЯ (ад грэч. monarchia адзінаўладдзе),
форма праўлення, пры якой кіраўніком дзяржавы з’яўляецца манарх. Яго ўлада, як правіла, з’яўляецца пажыццёвай і перадаецца ў парадку прастоланаследдзя. Захоўваюцца 2 гіст. тыпы М. — абсалютная і канстытуцыйная. Абсалютная М. характарызуецца юрыд. і фактычным сканцэнтраваннем усёй паўнаты дзяржаўнай, а таксама духоўнай (рэліг.) улады ў руках манарха. У наш час у свеце 8 краін з абсалютнай М.: ААЭ, Аман, Бахрэйн, Бруней, Ватыкан, Катар, Кувейт, Саудаўская Аравія. Пры канстытуцыйнай М. ўлада манарха абмежавана канстытуцыяй, ёсць выбарны заканад. орган — парламент і незалежныя суды; манарх пазбаўлены права самастойна ажыццяўляць фармальна захаваныя за ім паўнамоцтвы, і ўсе акты, што зыходзяць ад яго імя, патрабуюць ухвалення кабінета міністраў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які нясе адказнасць перад парламентам. Прыкладам такой М. з’яўляецца Вялікабрытанія. Асобая разнавіднасць М. — выбарная, якая спалучае элементы М. і рэспублікі. Такая М. існуе ў Малайзіі.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)