Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРАНСМІ́СІЯ (ад лац. transmissio пераход, перадача),

механізм, які перадае мех. энергію (рух) ад рухавіка да выканаўчага органа машыны або да інш. рабочых машын. Т. наз. таксама сукупнасць сілавых перадач у аўтамабілях, трактарах і інш. самаходных машынах.

т. 15, с. 508

ТРАНСМІ́ТЭР (англ. transmitter ад лац. transmitto перасылаю, перадаю),

перадавальнае тэлегр. прыстасаванне, у якім кодавыя камбінацыі знакаў тэксту тэлеграм, запісаныя ў выглядзе камбінацый адтулін на перфарыраванай перфараванай* стужцы, пераўтвараюцца ў імпульсы эл. току, што паступаюць у лінію сувязі. Выконваецца як дадатковы блок тэлеграфнага апарата ці як самастойны перадатчык. Таксама Т. наз. перадатчык у сістэмах тэлекіравання і тэлесігналізацыі на чыгунцы, які перадае кадзіраваныя эл. сігналы ў рэйкавы ланцуг.

т. 15, с. 508

ТРА́НСНАРТНЫЯ СУ́ДНЫ,

рачныя і марскія судны для перавозкі (транспартавання) грузаў і пасажыраў. Як грузавыя, пасажырскія і грузапасажырскія Т.с. выкарыстоўваліся грабныя — вёславыя судны, ветразевыя судны і параходы; выкарыстоўваюцца цеплаходы, турбаходы, электраходы, атамаходы. Т.с. — асн. транспартныя машыны воднага транспарту (гл. Рачны транспарт, Марскі транспарт).

т. 15, с. 510

ТРАНСНАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ БА́НКІ,

буйныя крэдытна-фінансавыя комплексы універсальнага тыпу. Распараджаюцца, як правіла, шырокай сеткай замежных прадпрыемстваў і сістэмай удзелу, у выніку чаго кантралююць пры падтрымцы дзяржавы валютныя і крэдытныя аперацыі на сусв. рынку. Гал. пасрэднікі ў міжнар. руху пазыковага капіталу. Гл. Банк.

т. 15, с. 508

ТРАНСПАЗІ́ЦЫЯ (ад позналац. transpositio перастаноўка) у матэматыцы, камбінаторная перастаноўка элементаў, пры якой мяняюцца месцамі толькі 2 элементы. Напр., 5401 пераходзіць у 5104 Т. элементаў 1 і 4.

т. 15, с. 508

ТРАНСПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,

ужыванне адной моўнай адзінкі ў функцыі іншай. Віды Т. вылучаюцца ў залежнасці ад таго, якія формы транспануюцца: марфалагічная Т. («Іду я ўчора дадому...» замест «Ішоў я ўчора дадому...» — катэгарыяльная Т. часу дзеяслова); сінтаксічную Т. («Ён не мог гэтага зрабіць. Сумленне не дазваляла.» — «Ён не мог гэтага зрабіць, бо сумленне не дазваляла.» — Т. незалежнага сказа ў сказ залежны); лексіка-семантычная Т. («Зелянее ліпа.» — «Усе гэтыя паперы — ліпа.»); словаўтваральная Т. («стары дзед» — «стары», субстантывацыя; «адзін, два, тры...» — «Адзін мядзведзь ішоў па лесе...» пранаміналізацыя; «Дастаткова аднаго разу, каб...» — «Аднаго разу ён вяртаўся дадому», адвербіялізацыя; «пабіты гаспадаром сабака» — «пабіты выгляд», ад’ектывацыя) і інш. Т. пашырае намінатыўныя магчымасці мовы, узбагачае спалучальныя здольнасці моўных адзінак, служыць сродкам утварэння функцыянальных сінонімаў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 508

ТРАНСПАЗІ́ЦЫЯ ў музыцы,

разнавіднасць адаптацыі муз. твора (вак., хар., інстр.) спосабам адэкватнага яго перанясення ў інш. танальнасць з мэтай выбару зручнай тэсітуры ці дыяпазону для выканаўцы. У выніку Т. адбываюцца гукавышынныя змены муз. матэрыялу (ноты, гукі) на любы інтэрвал (акрамя актавы) уверх або ўніз адносна асн. танальнасці арыгінала. Можа быць Т. партыі якога-н. інструмента (гл. Транспануючыя музычныя інструменты). Т. дазваляе пашырыць рэпертуар у вак., харавой, інстр. музыцы за кошт адаптацыі твораў, напісаных для інш. відаў і жанраў муз. мастацтва. З Т. цесна звязаны паняцці інструментазнаўства, інструментоўка, транскрыпцыя.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 508

ТРАНСПАНАВА́НАЯ МА́ТРЫЦА,

адна з матрыц ‖a′ik‖, атрыманая з зададзенай прамавугольнай ці (квадратнай) матрыцы ‖a′ik‖ заменай радкоў на слупкі (элементы a′ik = a′ki). Колькасць радкоў Т.м. роўная колькасці слупкоў зыходнай матрыцы і наадварот.

т. 15, с. 508

ТРАНСПАНУ́ЮЧЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ (ад лац. transponere перакладваць, перастаўляць),

музычныя інструменты, рэальная вышыня гучання якіх не адпавядае іх натацыі. Пераважна духавыя інструменты: лабіяльныя і язычковыя (разнавіднасці флейты, габоя, кларнета, фагота, саксафона і інш.) і амбушурныя (валторна, труба, карнет і інш.), а таксама ўмоўна інструменты, гучанне якіх на актаву вышэй (флейта пікала) ці ніжэй (кантрабас, контрафагот). Паводле тэсітуры гучання Т.м.і.: сапранавыя (флейта пікала; кларнеты; саксафоны, трубы, фанфары; флюгельгорн); альтовыя (флейта; габой, саксафон, валторна, горн); тэнаровыя (саксафон, горн); барытонавыя (саксафон; горн, эйфоніум); басовыя (кларнет; саксафон). Т.м.і. даюць магчымасць выконваць музыку ў любых танальнасцях, пры захаванні зручнай аплікатуры і без змены тэхнікі гуказдабывання для інструментаў вызначанай сям’і, пры гэтым спрошчваецца нотны запіс.

Літ.:

Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.​Л.​Карацееў.

т. 15, с. 508

ТРА́НСПАРТ (ад лац. transporto пераношу, перамяшчаю, перавожу),

галіна вытв-сці, якая ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў. Адрозніваюць Т. наземны (аўтамабільны транспарт, трубаправодны транспарт, чыгуначны транспарт), водны (марскі транспарт, рачны транспарт), паветраны транспарт (гл. таксама Грамадзянская авіяцыя). Падзяляецца на Т. агульнага карыстання, які абслугоўвае галіны эканомікі і насельніцтва, і неагульнага карыстання — ведамасны Т., прамысловы транспарт. Адрозніваюць Т. пасажырскі, грузавы (гл. Грузавыя перавозкі), асабістага карыстання (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, лодкі, яхты і інш.).

Прымітыўнымі сродкамі Т. (павозкі, веславыя судны, уючныя жывёліны і інш.) карысталіся яшчэ ў стараж. часы. Т. агульнага карыстання вылучыўся ў асобную галіну вытв-сці ў перыяд прамысл. перавароту ў Зах. Еўропе (1860-я г.). Да сярэдзіны 19 ст. чыг. лініі агульнага карыстання будаваліся ва ўсіх краінах Еўропы і ў ЗША. У пач. 20 ст. сусв. чыг. сетка складала больш за 1100 тыс. км. Хутка развівалася марское і рачное суднаходства, аўтамаб. Т., у 1920-я г. з’явіўся паветраны Т.

На Беларусі першая чыгунка, якая злучыла Парэчча з Гродна (участак дарогі Пецярбург—Варшава) здадзена ў 1862, у 1866 пачаўся рух на ўчастку Бігосава—Віцебск (Дынабургска-Віцебская чыгунка), у 1874 — Вілейка—Гомель (Лібава-Роменская чыгунка) і інш. У 1913 працягласць чыгункі складала 3,8 тыс. км, аўтамаб. дарог — 3,5 тыс. км. Першая транспартная авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр пачала дзейнічаць у 1933. Развіццё трубаправоднага Т. пачалося з 1960, калі ўведзены ў дзеянне газаправод Дашава—Мінск. У 2001 трансп. сістэма Беларусі складалася з 5533 км чыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных, 74,4 тыс. км аўтамаб. дарог (66,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 99,1 км трамвайных, 466,6 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній, 6,7 тыс. км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс. км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў, сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на Т. прыпадала 9,5% (асн. паказчыкі развіцця транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл.). Гл. таксама раздзел Транспарт у арт. Беларусь.

Грузавыя і пасажырскія перавозкі асобнымі відамі транспарту Беларусі
Від транспарту 1985 1990 1995 2001
Грузаабарот, млн. ткм
Чыгуначны 73 243 75 430 25 510 29 726,5
Аўтамабільны 17 737 22 361 9 539 8 712,6
Рачны 2 242 1 805 133 *
Паветраны 44 38 60 28,4
Трубаправодны * — — 53 864,1
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км
Чыгуначны 13 761 16 852 12 505 15 263,9
Аўтамабільны
(аўтобусны)
16 349 19 787 9 308 9 493,4
Рачны 46 30 2 1,9
Паветраны 3 311 5 510 1 228 546,2
Тралейбусны * — 1 723 2 651,6
Трамвайны * — 407 543,3
Метрапалітэнны * — 688 1 775,3

* звесткі не публікаваліся

т. 15, с. 508