ТРАНСПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,

ужыванне адной моўнай адзінкі ў функцыі іншай. Віды Т. вылучаюцца ў залежнасці ад таго, якія формы транспануюцца: марфалагічная Т. («Іду я ўчора дадому...» замест «Ішоў я ўчора дадому...» — катэгарыяльная Т. часу дзеяслова); сінтаксічную Т. («Ён не мог гэтага зрабіць. Сумленне не дазваляла.» — «Ён не мог гэтага зрабіць, бо сумленне не дазваляла.» — Т. незалежнага сказа ў сказ залежны); лексіка-семантычная Т. («Зелянее ліпа.» — «Усе гэтыя паперы — ліпа.»); словаўтваральная Т. («стары дзед» — «стары», субстантывацыя; «адзін, два, тры...» — «Адзін мядзведзь ішоў па лесе...» пранаміналізацыя; «Дастаткова аднаго разу, каб...» — «Аднаго разу ён вяртаўся дадому», адвербіялізацыя; «пабіты гаспадаром сабака» — «пабіты выгляд», ад’ектывацыя) і інш. Т. пашырае намінатыўныя магчымасці мовы, узбагачае спалучальныя здольнасці моўных адзінак, служыць сродкам утварэння функцыянальных сінонімаў.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)