Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕТЫЛАМАНА́ДЫ (Methylomonadaceae),

сямейства бактэрый, здольных атрымліваць энергію толькі за кошт выкарыстання аднавугляродных арган. злучэнняў метану, метанолу або дыметылавага эфіру. Уключае роды Methylomonas і Methylococcus. Пашыраны ў балотах, сцёкавых водах.

Палачка- або кокападобныя клеткі. Маюць складаную сістэму ўнутрыклетачных мембран. Аблігатныя аэробы, хемааўтатрофы. Выкарыстоўваюцца як прадуцэнты кармавога бялку.

т. 10, с. 316

МЕТЫЛАМІ́Н, монаметыламін,

першасны амін аліфатычнага рада, CH3NH2. Бясколерны газ з рэзкім пахам аміяку, tкіп -6,32 °C, шчыльн. 662,8 кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей моцная аснова: з мінер. к-тамі ўтварае крышт. солі. У прам-сці каталітычным амінаваннем метанолу атрымліваюць сумесь метыламінаў — М., дыметыламін, трыметыламін (CH3)3N. Выкарыстоўваюць у вытв-сці інсектыцыдаў, растваральнікаў (напр., N-метылпіралідону), лек. сродкаў, паверхнева-актыўных і выбуховых рэчываў, фотаматэрыялаў (метол) і інш.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛБЕНЗО́Л,

тое, што талуол.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛЕ́НАВЫ СІ́НІ, метыленавая сінь, метыленавы блакітны,

вытворнае фенатыязіну, найважнейшы тыязінавы фарбавальнік. Крышт. рэчыва цёмна-зялёнага колеру з бронзавым бляскам. Раствараецца ў вадзе (растворы маюць цёмна-сіні колер), этаноле. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі паперы, вырабу каляровых алоўкаў, паліграф. фарбаў, у мікрабіялогіі (для афарбоўкі прэпаратаў), аналіт. хіміі як акісляльна-аднаўляльны індыкатар (акісленая форма сіняга колеру, адноўленая — бясколерная), у медыцыне як антысептык (напр., пры апёках) і антыдот пры атручэнні цыянідамі, чадным газам, серавадародам.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛЕНХЛАРЫ́Д, дыхлорметан, хлорысты метылен,

хлорвытворнае метану, CH2Cl2. Бясколерная вадкасць з пахам хлараформу, tкіп 40,1 °C, шчыльн. 1336 кг/м³. Добра раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Выкарыстоўваюць як растваральнік ацэтатаў цэлюлозы (пераважна для апрацоўкі фота- і кінаплёнак, у вытв-сці ацэтатных валокнаў), як холадагент (хладон 30, фрэон 30). Аказвае слабае наркатычнае ўздзеянне, раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 50 мг/м³. Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛМЕТАКРЫЛА́Т,

метылавы эфір метакрылавай кіслаты, CH2C(CH3)COOCH3. Бясколерная празрыстая вадкасць, tкіп 101 °C, шчыльн. 943 кг/м³. Неабмежавана раствараецца ў дыэтылавым эфіры, метаноле, абмежавана — у вадзе. Сумесь з паветрам (1,47—12,5% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй ацэтонцыянангідрыду ў прысутнасці метанолу. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліметылметакрылату (гл. Шкло арганічнае). Гл. таксама Метакрылаты.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансметылазы,

ферменты класа трансфераз, якія каталізуюць абарачальны перанос метыльнай групы (CH3-групы). Донар CH3-групы — пераважна метыянін, які разам з вытворнымі вітаміну B12 і фоліевай к-ты пры ўдзеле М. ўтварае сістэму пераметыліравання ў жывых арганізмах.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛФЕНО́ЛЫ,

тое, што крэзолы.

т. 10, с. 317

МЕТЫЛХЛАРЫ́Д, хлорметан, хлорысты метыл,

хлорвытворнае метану, CH3Cl. Бясколерны газ з саладкаватым пахам, tкіп -23,76 °C, шчыльн. 912 кг/м³ (вадкага). Добра раствараецца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Сумесь з паветрам (7,6—19% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. Выкарыстоўваюць для метыліравання (увядзення метылу) у арган. сінтэзе (напр., у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, метылцэлюлозы), як растваральнік пры сінтэзе бутылкаўчуку. ГДК 5 мг/м³. Гл. таксама Галагенавытворныя вуглевадародаў.

т. 10, с. 317

МЕТЫ́СЫ (франц. métis ад позналац. misticius змяшаны ад лац. misceo змешваю),

нашчадкі міжрасавых шлюбаў. У антрапалагічных адносінах займаюць прамежкавае становішча паміж расамі, якія змешваюцца (напр., у Амерыцы М. наз. нашчадкаў ад шлюбу белых і індзейцаў). Інтэнсіўнасць працэсу метысацыі ўвесь час павялічваецца. М. — большасць насельніцтва Лац. Амерыкі, Новай Зеландыі, а-воў Акіяніі.

т. 10, с. 317