Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАКО́ЎСКІ (Уладзімір Ягоравіч) (7.2.1846, Масква — 21.2.1920),

расійскі жывапісец. Брат К.Я.Макоўскага. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1861—66) у С.Заранкі; выкладаў у ім (1882—94) і ў Пецярбургскай АМ (1894—1918, з 1895 рэктар). З 1872 чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). У творчасці пераважалі тэмы гар. побыту, камерныя, часта двухфігурныя кампазіцыі сац.-крытычнага зместу: «У прыёмнай у доктара» (1870), «Наведванне бедных» (1874), «Чаканне» (1875), «Асуджаны» (1879), «Крах банка» (1881), «Спатканне» (1883), «На бульвары» (1887) і інш. У некаторых работах блізкі да пленэрнага жывапісу («Тлумачэнне», 1889—91, і інш.). Звяртаўся і да рэв. тэматыкі: «Допыт рэвалюцыянеркі» (1904), «9 студзеня 1905 года на Васільеўскім востраве» (1905) і інш. Ствараў таксама партрэты і графічныя работы.

Літ.:

Друженкова Г.А. В.Маковский. М., 1962.

У.Макоўскі. На бульвары. 1887.

т. 9, с. 540

МАКО́ЎСКІ ((Makowski) Юзаф Тадэвуш) (29.1.1882, г. Асвенцім, Польшча — 1.11.1932),

польскі жывапісец. Вучыўся ў АМ у Кракаве (1903—08) у Я.Станіслаўскага і Ю.Мехофера і ў Парыжы (1908) у А. Ле Факанье. Жыў пераважна ў Францыі. У ранні перыяд пад уплывам П.Пюві дэ Шавана ствараў манум. сімвалічныя карціны («Хрышчэнне ў Іардані», 1909), пазней зазнаў уплыў кубізму («Партрэт мужчыны ў белым капелюшы», 1912). З 1920-х г. рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі, пераважна на тэмы з жыцця дзяцей, у якіх спалучаў рысы сімвалізму, кубізму і прымітывізму. Сярод твораў: «Дзіцячая капэла» (1922), «Дзеці і ліхтарыкі» (каля 1928), «Шавец» (1930), «Скнара» (1932), «Двое дзяцей з сабакам» (каля 1932) і інш.

Ю.Макоўскі. Двое дзяцей з сабакам. Каля 1932.

т. 9, с. 540

МАКПХО́,

горад на ПдЗ Рэспублікі Карэя. Каля 300 тыс.ж. (1997). Трансп. вузел, порт на Жоўтым м. Прам-сць: тэкст., харч., машынабудаўнічая. Цэнтр марскога рыбалоўства. База ВМФ (з 1910).

т. 9, с. 540

МАКРА... (ад грэч. makros вялікі, доўгі), першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні словам «вялікі», «буйны» (супрацьлеглае мікра...), напр., макраклімат, макраструктура.

т. 9, с. 541

МАКРАКАНТАРЫ́НХІ (ад макра... + грэч. akantha калючка + rhynhos хабаток),

род гельмінтаў сям. алігакантарынхід кл. скрэбняў. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі найб. вядомы скрэбень-гігант (M. hirudinaceus), які паразітуе ў тонкім кішэчніку дзікіх і свойскіх свіней (асн. гаспадары). Узбуджальнік макракантарынхозу.

Даўж. самцоў скрэбня-гіганта да 15 см, самак да 70 см. Цела верацёнападобнае або пляскатае з бакоў. Хабаток яйцападобны або круглаваты са спіральнымі радамі кручкоў. Раздзельнаполыя. Яйцы авальныя з трохслаёвай абалонкай. Развіваецца з удзелам пра межкавых гаспадароў — бронзавак, жукоў-насарогаў, майскіх хрушчоў і інш.

т. 9, с. 541

МАКРАКІНЕ́ТЫКА (ад макра... + кінетыка),

макраскапічная кінетыка, раздзел кінетыкі хімічнай, які вывучае хім. пераўтварэнні ў іх сувязі з пераносу з’явамі. Вызначае ролю дыфузіі, канвекцыі і цеплаперадачы ў хім. працэсах на мяжы падзелу фаз (электрахім. рэакцыі, гетэрагенны каталіз, хемасорбцыя і інш.). Заканамернасці М. з’яўляюцца колькаснай асновай пры праектаванні рэактараў хімічных, адыгрываюць важную ролю ў працэсах гарэння.

У М. хім. працэс разглядаецца, як сукупнасць з’яў пераносу і хім. пераўтварэнняў. Рэжым хім. працэсу наз. кінетычным, калі яго скорасць вызначаецца законамі хім. кінетыкі, і дыфузійным, калі стадыяй, якая лімітуе скорасць працэсу, з’яўляецца дыфузія рэагентаў. Для колькаснай ацэнкі дыфузійнага рэжыму карыстаюцца фактарам эфектыўнасці η (0<η<1), які вызначаюць як адносіны назіраемай скорасці працэсу да сапраўднай скорасці хім рэакцыі ў дадзеных умовах. Макракінетычныя заканамернасці вызначаюць метадамі нераўнаважнай тэрмадынамікі, фіз.-хім. гідра- і газадынамікі.

Дз.І.Мяцеліца.

т. 9, с. 541

МАКРАКО́СМАС І МІКРАКО́СМАС,

адна з найб. старажытных філас. канцэпцый пра існаванне прыроднай сувязі паміж космасам, навакольным асяроддзем і чалавекам. У аснове М. і м. як вучэння ляжыць палажэнне аб паралельным існаванні і зменах у Сусвеце і чалавеку. Першай вядомай формай выражэння гэтай канцэпцыі з’яўляецца міфалагема аб прачалавеку, якая знайшла адлюстраванне ў літ. і рэліг. творах стараж. Індыі, Егіпта, Кітая, Грэцыі і інш. Напр., паводле адной з стараж.грэч. міфалагем, стварэнне свету пачалося з пэўнага хаатычнага стану, у якім з’явілася багіня Гея і нарадзіла Урана (неба), Понта (мора), горы; потым з’явіліся інш. багі і людзі. Адносіны паміж багамі капіравалі адносіны ў грамадстве людзей; калі ж багі пераносіліся на неба, то забіралі з сабою і зямныя ўяўленні аб свеце. Адсутнасць яснага размежавання паміж М. і м. мае адным з сваіх важных наступстваў і частыя шматлікія пераходы аднаго пачатку ў другі, і іх пэўную палярызацыю: вялікі свет — космас — або паглынае ў сабе малы свет — чалавека, або чалавек становіцца рухаючай сілай, душой космасу. Філас. тлумачэнне М. і м. дасягнула высокага ўзроўню ў ант. цывілізацыях (Анаксімен, Геракліт, Дэмакрыт, Платон, Сенека). Напр., Геракліт лічыў, што пазнанне свету і божаства ёсць самапазнанне чалавека. У наступныя гіст. перыяды асэнсаванне М. і м. адбывалася ў розных кірунках — ад класічнага да містычнага. Свой росквіт ідэя М. і м. перажывала ў эпоху Адраджэння (Т.Кампанела і Дж.Бруна, Мікалай Кузанскі, Я.Бёме і інш.). У перыяд панавання механіцызму ідэя М. і м. ўступіла ў канфлікт з рацыяналістычнымі ідэямі пабудовы Сусвету і апынулася па-за межамі навукі. З канца 18 і да пач. 20 ст. назіралася ажыўленне цікавасці да ідэі М. і м., якая знайшла свой адбітак у ням. неагуманізме (І.Гердэр, І.В.Гётэ), рамантызме, філас. поглядах А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ, а таксама ў тэасофскіх канцэпцыях свету і чалавека.

В.І.Боўш.

т. 9, с. 541

МАКРАЛІ́ТЫ (ад макра.. + грэч. lithos камень),

буйныя (у адрозненне ад дробных мікралітаў) прылады працы, якія выраблялі з крэменю ў эпоху палеаліту. Матэрыялам для М. служылі вял. (8—20 см) крамянёвыя абломкі, пліткі, жаўлакі або нуклеусы, што апрацоўваліся спосабам грубага аббівання, нанясення буйной рэтушы. Сярод М. вылучаюць сякерападобныя прылады, цёслы, адбойнікі, грубыя скоблі і скрабкі, разцы, шырокія нажы, трохгранныя прылады тыпу пік. Вытворчасць М. панавала і ў эпоху мезаліту ў некат. абласцях Еўропы (Францыя, Паўн. Германія, паўд.-ўсх. і зах. Беларусь, паўн.-ўсх. Украіна, а таксама вярхоўі Дняпра і Волгі).

У.Ф.Ісаенка.

т. 9, с. 541

МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),

малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).

Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.

М.Р.Пракапчук.

т. 9, с. 541

МАКРАМАЛЕ́КУЛЫ БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ тое, што біяпалімеры.

т. 9, с. 541