МАКРАКІНЕ́ТЫКА (ад макра... + кінетыка),
макраскапічная кінетыка, раздзел кінетыкі хімічнай, які вывучае хім. пераўтварэнні ў іх сувязі з пераносу з’явамі. Вызначае ролю дыфузіі, канвекцыі і цеплаперадачы ў хім. працэсах на мяжы падзелу фаз (электрахім. рэакцыі, гетэрагенны каталіз, хемасорбцыя і інш.). Заканамернасці М. з’яўляюцца колькаснай асновай пры праектаванні рэактараў хімічных, адыгрываюць важную ролю ў працэсах гарэння.
У М. хім. працэс разглядаецца, як сукупнасць з’яў пераносу і хім. пераўтварэнняў. Рэжым хім. працэсу наз. кінетычным, калі яго скорасць вызначаецца законамі хім. кінетыкі, і дыфузійным, калі стадыяй, якая лімітуе скорасць працэсу, з’яўляецца дыфузія рэагентаў. Для колькаснай ацэнкі дыфузійнага рэжыму карыстаюцца фактарам эфектыўнасці η (0<η<1), які вызначаюць як адносіны назіраемай скорасці працэсу да сапраўднай скорасці хім рэакцыі ў дадзеных умовах. Макракінетычныя заканамернасці вызначаюць метадамі нераўнаважнай тэрмадынамікі, фіз.-хім. гідра- і газадынамікі.
Дз.І.Мяцеліца.
т. 9, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)