Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь

т. 18, кн. 1, с. 390

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІЯ ЗАТРА́ТЫ,

расходы прадпрымальніка, звязаныя з заснаваннем і арганізацыяй прадпрыемства, набыццём асн. сродкаў для яго функцыянавання. Уключаюць расходы на заснаванне, рэгістрацыю кампаніі (атрыманне ліцэнзіі, расходы на падпіску і размеркаванне каштоўных папер, адкрыццё рахунку) і «першасныя» затраты, г. зн. расходы, неабходныя для таго, каб пачаць работу прадпрыемства (рэклама, маркетынгавыя даследаванні); расходы на павелічэнне акц. капіталу — на эмісію аблігацый, прэміі па аблігацыях, набыццё нерухомасці. З.з. павінны быць пакрыты ў як мага больш кароткі тэрмін, яны не ўлічваюцца як актывы кампаніі і не прымаюцца ў разлік пры яе лігаідацыі.

т. 6, с. 572

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІ ПРЫБЫ́ТАК,

даход, які атрымліваюць заснавальнікі акцыянернага таварыства пры яго арг-цыі і эмісіі акцый. Складае розніцу паміж сумай, атрыманай ад рэалізацыі акцый гэтага т-ва, і ўкладзеным у яго капіталам. З.п. узнікае або за кошт продажу акцый вышэй іх намінальнай вартасці, або за кошт павелічэння аб’ёму продажу акцый звыш устаноўленага акц. капіталу.

т. 6, с. 572

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦТВА,

дзейнасць па стварэнні новых арг-цый, акц. кампаній, т-ваў і інш. Гл. таксама Грундэрства.

т. 6, с. 572

ЗАСО́ЎЕЎСКІ СКАРБ,

манетны скарб, знойдзены ў 1974 у в. Засоўе Лагойскага р-на. Схаваны не пазней 1608. Складаўся з 741 сярэбранай, 8 залатых і 5 фальшывых манет. Асн. частка З.с. — трохграшовікі часоў Стафана Баторыя (61 экз.), трохграшовікі (598) і шасціграшовікі (31) Жыгімонта III Вазы. У скарбе былі контрамаркіраваныя паўталеры Іспаніі Карла I і Філіпа II, манеты герцагства Браўншвейг-Вольфенбютэль, Венгрыі, Германскай імперыі, Іспаніі, Іспанскіх Нідэрландаў, эрцгерцагства Карынтыя, герцагства Курляндыя, курфюрства Саксонія, Злучаных правінцый, герцагства Цешын, княства Трансільванія, Чэхіі, Турцыі. Скарб зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце БДУ.

І.Н.Колабава.

т. 6, с. 572

ЗА́СПА,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Рэчыца—Лоеў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пд ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 46 км ад Гомеля. 1440 ж., 550 двароў (1997). Крухмальны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мураваная царква (1995). Курган Славы.

т. 6, с. 572

ЗАСПІ́ЦКІ (Андрэй Міхайлавіч) (н. 16.2.1924, г. Мазовец, Польшча),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1940—41). Стварыў партрэты Цёткі (А.Пашкевіч; 1957), Ф.Шапэна (1960); бюст А.Міцкевіча (1995); станковыя творы «У полі» (1958), «Гімнасткі» (1971), кампазіцыі «Партызанпадрыўнік» (1957), «Дружба» (1964), «Рэквіем» (1996); і інш. Яго манум. творам характэрны дакладныя суадносіны маштабаў і масы, узбагачаныя кантрастамі святлаценяў, выразным лінейным рытмам: помнікі Ф.Скарыну ў Полацку (1973; па эскізу А.К.Глебава), Я.Купалу ў Мінску (1972; з А.Анікейчыкам і Л.Гумілеўскім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у гонар вызвалення Віцебска (1989; з М.Рыжанковым) ў Віцебску, манумент у гонар маці-патрыёткі (Дзярж. прэмія СССР 1977), мемар. знак у памяць ахвяр фашызму ў Стоўбцах (1992) і інш.

В.Я.Буйвал.

А.Заспіцкі. Цётка (А.Пашкевіч). 1957.

т. 6, с. 572

ЗАСТА́ВА,

1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).

2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст. Пазней — пагранічная З.

3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.

т. 6, с. 572

ЗАСТА́ЎКА ў кніжнай графіцы,

невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.

Застаўка з рукапісу 11 ст.
Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.
Застаўка з «Бібліі» Ф.Скарыны. 1518.

т. 7, с. 5