ДУБЯНЕ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),
бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.Распуціна (1982), «Клімко» Г.Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.Жаромскага (1985), зб. укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 250
ДУБЯНЕ́ЦКІ (Станіслаў Фёдаравіч) (н. 1.9.1940, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1989). Брат М.Ф.Дубянецкага. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1966) і Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на культ.-асв. і парт. рабоце (у 1979—89 інструктар ЦК КПБ). З 1989 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1993 у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя». Даследуе праблемы нац. і маральнай самасвядомасці, развіцця паліт. працэсу, гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі. Адзін з аўтараў даведнікаў «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), інш. энцыклапедычных выданняў.
Тв.:
Центры творческой мысли. Мн., 1982;
Формы и специфика проявления нравственных отклонений в условиях перестройки. Мн., 1990;
Цяжкі шлях да Адраджэння. Брэст, 1997 (разам з Э.С.Дубянецкім).
т. 6, с. 250
ДУБЯНЕ́ЦКІ Уладзімір Іосіфавіч [Дубянецкіс
(Dubeneckis) Уладас; 6.9.1888, г. Барнаул, Расія — 10.8.1932], літоўскі архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1906—14) у Л.Бенуа, выкладаў там у 1917—18 (праф. 1917). З 1919 (з перапынкамі) жыў у Каўнасе. З 1927 выкладаў у Каўнаскай маст. школе. У пабудовах выкарыстоўваў элементы барока, класіцызму, літоўскага нар. дойлідства. З арх. М.Сангайлам зрабіў рэканструкцыю Дзярж. т-ра (1923—25) і арх. праект завода «Рагуціс» (1924) у Каўнасе. Пабудаваў касцёл у в. Бяцігале (Расейняйскі р-н),
адзін з аўтараў праектаў Каўнаскага гіст. музея і Маст. музея імя М.К.Чурлёніса (пабудаваны ў 1931—36). Сярод тэатр. работ (створаны пад уплывам творчасці «Свету мастацтва») дэкарацыі да оперы «Трубадур» Дж.Вердзі (1929), балета «Сільвія» Л.Дэліба (1928) і інш. (усе ў Дзярж. т-ры ў Каўнасе).
т. 6, с. 250