ДУБЯНЕ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),
бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.Распуціна (1982), «Клімко» Г.Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.Жаромскага (1985), зб. укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.
І.У.Саламевіч.
т. 6, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)