Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУ́ПРАЖ, збруя,

прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.

Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.

В.С.Цітоў.

т. 4, с. 295

ВУРГУ́Н Самед

(сапр. Векілаў Самед Юсіф аглы; 21.3.1906, с. Юхары-Салахлы Казахскага р-на, Азербайджан — 27.5.1956),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. паэт Азербайджана (1945). Акад. АН Азербайджана (1945). Аўтар зб-каў вершаў «Клятва паэта» (1930), «Ліхтар» (1932), героіка-рамантычных і гіст. драм у вершах «Вагіф» (1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Ханлар» (1939), «Фархад і Шырын» (1941; Дзярж. прэмія СССР 1942), паэмы «Сцяганосец стагоддзя» (1954) і інш. У творах гарманічнае спалучэнне ідэй з наватарскай формай верша, глыбіня пачуццяў суайчыннікаў, філас. роздум.

Выступаў як перакладчык, літ. крытык. На бел. мову творы Вургуна перакладалі М.Танк, Р.Барадулін, С.Грахоўскі, Ю.Свірка, П.Прыходзька.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1978—80.

Літ.:

Бабаев Г. Самед Вургун: Очерк творчества. М., 1981.

т. 4, с. 295

ВУСАНО́ГІЯ

(Cirripedia),

атрад (па інш. сістэме — падклас) ракападобных. Вядомы з сілуру. 3 падатр.: тарацыкавыя (Thoracica), коранегаловыя (Rhizocephala), акратарацыкавыя (Acrothoracica). Больш як 1000 відаў. Жывуць у морах і саленаватых водах. У дарослым стане прымацоўваюцца да скал, камянёў, днішчаў суднаў, жывых істот. Найб. вядомыя марскія жалуды і марскія качачкі.

Даўж. цела 2—500 мм, укрыта вапністай ракавінай (домікам); грудныя ножкі з шчацінкамі, нагадваюць вусікі (адсюль назва). Рачок пры дапамозе мышцаў можа расхінаць створкі доміка і карміцца. Паразітычныя вусаногія (грудныя ножкі, вочы, галава і інш. ў іх рэдукаваныя) аплятаюць цела крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў, марскіх чарапах. Разнаполыя і гермафрадыты. Лічынка-наўпліус, якая пасля шэрагу лінек ператвараецца ў цыпрысападобную лічынку, што вольна плавае, потым прымацоўваецца да субстрату. Лічынак паядаюць рыбы. Некаторыя віды вусаногіх ядомыя.

т. 4, с. 295

ВУСА́ТАЯ СІНІ́ЦА,

гл. ў арт. Таўстадзюбыя сініцы.

т. 4, с. 295

ВУСА́ТЫЯ КІТЫ́,

гл. Бяззубыя кіты.

т. 4, с. 295

ВУСА́Ч, марона,

мірон (Barbus barbus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў многіх рэках Еўропы. На Беларусі ёсць у рэках бас. Нёмана, Дняпра і Зах. Буга; жыве на ўчастках рэк з галечным і камяністым грунтам і хуткай плынню; занесены ў Чырв. кнігу. Мясц. назвы: на Дняпры — мірон, радзей марэна, марона, на Нёмане — келб, або марскі келб.

Даўж. 40—60, часам да 90 см, маса 2—3, зрэдку да 10 кг. Цела доўгае, амаль цыліндрычнае, спінка зеленавата-жаўтаватая, аліўкава-зялёная, брушка белаватае, бураватае. Спінны і хваставы плаўнікі цёмныя, астатнія чырванаватыя. На рыле 4 вусікі (адсюль назва). Корміцца чарвямі, лічынкамі насякомых, малюскамі, ракападобнымі, воднымі раслінамі. Мяркуюць, што ікра ядавітая. Каштоўны прамысл. від.

т. 4, с. 295

ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.

т. 4, с. 295

ВУ́СЕНЬ,

чэрвепадобная лічынка лускакрылых насякомых. Развіваецца ў яйцы. Даўжыня сегментаванага цела ад некалькіх міліметраў (у молей) да 12 см (у пахучага дрэваточца). Мае некалькі пар ног, грызучы ротавы апарат. Інтэнсіўна жывіцца і праз шэраг лінек ператвараецца ў кукалку. Жывуць вусені ад некалькіх сут (у агнёвак) да 2 гадоў (у асобных дрэваточцаў). Многія вусені шкодзяць пладовым, палявым і лясным культурам (вусені совак, агнёвак, бялянак, лістакрутаў і інш.), асобныя (вусені шаўкапрадаў) вырабляюць каштоўныя для прамысл. перапрацоўкі ніці.

т. 4, с. 296

ВУ́СІКІ,

гл. Антэны.

т. 4, с. 296

ВУ́СІКІ ў батаніцы, вегетатыўныя органы лазячых раслін, якія служаць для прымацавання да інш. раслін або прадметаў. Вусікі — метамарфізаваныя (звычайна ніткападобныя) парасткі, лісты або іх часткі, часам галінкі суквеццяў або паветр. карані. Яны абвіваюцца вакол прадмета і спіральна закручваюцца; часам на канцах вусікаў развіваюцца своеасаблівыя прысоскі. Вусікі характэрны для ліян, у т. л. вінаграду, гарбузовых, бабовых і інш.

т. 4, с. 296