ПО́ЛБА,
група тэтраплоідных відаў пшаніцы з ломкім коласам і плевачным зернем. Пры выспяванні колас распадаецца на каласкі з членікамі каласавога стрыжня. Зерне пры малацьбе не вымалочваецца з плевак. Дзікарослая П. пашырана ў Еўразіі, Афрыцы; культурную П. (эмер) вырошчваюць на невял. плошчах у Закаўказзі і Пярэдняй Азіі. Адрозніваецца непатрабавальнасцю, скараспеласцю, устойлівасцю да грыбковых хвароб. З зерня атрымліваюць крупы і муку. П. — каштоўны зыходны матэрыял для селекцыі.
т. 12, с. 471
ПО́ЛЕ ў матэматыцы,
мноства, якое мае 2 і больш элементаў з зададзенымі бінарнымі алг. аперацыямі складання і множання; асобны падклас кольцаў. Задавальняе пэўныя ўмовы (аксіёмы П.).
Аксіёмы П.: складанне і множанне камутатыўныя і асацыятыўныя, множанне дыстрыбутыўнае адносна складання; у П. існуюць нулявы і адзінкавы элементы, а таксама для кожнага элемента а існуе процілеглы элемент -a і для ненулявога элемента а — адваротны элемент 1/a. Адсюль вынікае, што ў П. выконваюцца аперацыі адымання і дзялення (на ненулявы элемент). Напр., мноства рацыянальных лікаў, мноства сапраўдных лікаў.
т. 12, с. 471
«ПОЛЕ́ССКАЯ ЖИЗНЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета ліберальнага памяркоўна-апазіц. кірунку. Выдавалася з 17(30).Ю. 1909 да 27.12.1911 (9.1.1912) [з 11(24).1 да 27.6(10.7).1910 не выходзіла] у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прадаўжала праграму газ. «Полесская мысль». Змяшчала інфармацыю пра дзейнасць урада і Дзярж. думы, асвятляла побыт гар. «дна», надзвычайныя падзеі ў краі. Публікавала артыкулы пра жыццё і творчасць М.Чарнышэўскага, М.Скабічэўскага, П.Якубовіча, мастака А.Куінджы, знаёміла з творамі Л.Андрэева, Шолам-Алейхема, прапагандавала этычную філасофію Л.Талстога. Друкавала нарысы сакратара рэдакцыі М.Л.Бахціна (псеўд. Міхаіл Хмуры), вершы і апавяданні-замалёўкі мясц. аўтараў, асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць Гомельскага музычна-драматычнага таварыства.
У.М.Конан.
т. 12, с. 471
«ПОЛЕ́ССКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 16(29).3 да 22.9(5.10).1909 у Гомелі на рус. мове спачатку штодзень, з крас. 3 разы на тыдзень. Друкавала артыкулы на грамадска-паліт., эканам. і літ. тэмы, мела рубрыкі «Тэатр, музыка і мастацтва», «Мясцовая хроніка». У цыкле «Культурныя нарысы» пісала пра дзярж. статус бел. мовы ў ВКЛ, ролю БСГ, «Нашай долі» і «Нашай нівы», творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы ў нац. руху, адзначала перспектыўнасць бел. нац. ідэі; у «Эканамічных нататках» крытыкавала ўрад. Прапагандавала творчасць Л.Талстога, А.Чэхава, неадназначна ацэньвала мадэрнісцкія плыні ў рус. і зах.-еўрап. л-ры, крытыкавала арыентацыю на безыдэйнасць тэатра і кінематографа.
У.М.Конан.
т. 12, с. 471
«ПОЛЕ́ССКИЙ ЛИСТО́К»,
нелегальная бальшавіцкая газета. Выдавалася з вер. 1904 да сак. 1905 Палескім к-там РСДРП на рус. мове. Першы нумар выйшаў пад назвай «Листок Полесского комитета». Асвятляла рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі. Надрукавала паведамленне аб стварэнні Палескага к-та РСДРП, справаздачу аб распаўсюджванні ў 1904 парт. л-ры, матэрыялы, прысвечаныя рэв. руху сялян.
т. 12, с. 472
«ПОЛЕ́СЬЕ»,
грамадска-паліт. і літ. газета радыкальна-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 24.9(7.10).1909 да 7(20).10.1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Друкавала інфармацыю пра дзейнасць Дзярж. думы, урада і мясц. улад, аб новай хвалі дэмакр. і рэв. руху ў 1912, арыентавала грамадскую думку на дэмакратыю еўрап. ўзору. Выступала супраць ідэі вял. Расіі Т.І.Струвэ, салідарызавалася з канцэпцыяй М.Горкага пра свабоднае развіццё ўсіх народаў. Прыхільна ставілася да культ.-нац. самавызначэння беларусаў, крытыкавала антыкаталіцкую і антыбел. прапаганду акцябрыстаў і «Саюза рускага народа» (арт. Р.Зялёнага «Пра беларускае пытанне»). Шмат увагі аддавала прапагандзе рус. і зах.-еўрап. л-ры, тэатра, інш. відаў мастацтва. Друкавала творы Л.Талстога, артыкулы пра творчасць А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, Л.Андрэева, С.Надсана, У.Меерхольда і інш. Асвятляла тэатр. жыццё ў С.-Пецярбургу, Маскве і Гомелі. За крытыку палітыкі ўрада яе тыражы неаднаразова канфіскоўваліся.
У.М.Конан.
т. 12, с. 472
ПО́ЛЕ ЗРО́КУ аптычнай сістэмы,
частка прасторы (ці плоскасці), відарыс якой дае аптычная сістэма. Вызначаецца контурамі элементаў сістэмы, якія абмяжоўваюць светлавыя пучкі, напр., аправамі лінзаў і прызмаў, дыяфрагмамі.
Значэнне П.з. вымяраецца найменшым вуглом, пад якім такія контуры бачныя з цэнтра зыходнага пучка (вуглавое П.з.). Вугал П.з. ў прасторы прадметаў адваротна прапарцыянальны павелічэнню аптычнаму сістэмы; напр., у самых вялікіх тэлескопаў не перавышае некалькіх вуглавых мінут, у бінокляў ён складае 5—10°, у шырокавугольных фатагр. аб’ектываў дасягае 120—140° і больш.
т. 12, с. 471
ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,
адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.
Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл. Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.
А.А.Богуш.
т. 12, с. 471
ПОЛІ... (ад грэч. poly многа, многае), тое, што палі...
т. 12, с. 472