Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.

т. 10, с. 316

МЕТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭМА МЕР, дзесятковая сістэма мер,

сукупнасць адзінак фізічных велічынь, у аснову якой пакладзена адзінка даўжыні — метр. Распрацавана ў канцы 18 ст. ў Францыі з мэтай уніфікацыі вымярэнняў і сістэматызацыі адзінак розных фіз. велічынь. Памеры, найменні і вызначэнні адзінак, якія ўваходзілі ў М.с.м., выбраны так, каб яны мелі інтэрнац. характар і маглі быць прыняты ўсімі краінамі.

Першапачаткова ў М.с.м., акрамя метра, уваходзілі адзінкі: плошчы — квадратны метр, аб’ёму — кубічны метр, масы — кілаграм (маса 1 дм вады пры 4 °C), а таксама ўмяшчальнасці — літр, плошчы зямельных дзялянак — ар, масы — тона. Важнай адметнай асаблівасцю М.с.м. з’яўляецца спосаб утварэння дзесятковых кратных адзінак і дольных адзінак. Міжнар. характар М.с.м. пацверджаны Метрычнай канвенцыяй 1875, якую падпісалі 17 дзяржаў (у т. л. Расія); у 1925 М.с.м. прызнана ў СССР, у т. л. ў Беларусі. На аснове М.с.м. распрацавана Міжнародная сістэма адзінак.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 316

МЕТРЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, у аснове якога ляжаць метрычныя прынцыпы арганізацыі вершаванага радка (гл. Метр у вершаскладанні). Да яго адносяцца ўсе віды вершаў ант. (метрычнай) і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання. Як яго процілегласць існуе дысметрычны верш, што ўключае формы верша (сілабічны, танічны, свабодны), у якіх не вылучаюцца стопы.

В.​П.​Рагойша.

...МЕТРЫЯ (ад грэч. metreō вымяраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні слову «вымярэнне» (напр., геаметрыя, стэрэаметрыя).

т. 10, с. 316

МЕ́ТСАНУРК ((Metsanurk) Майт) (сапр. Хубель Эдуард; 19.11.1879; в. Метсанука Тартускага пав., Эстонія — 21.8.1957),

эстонскі пісьменнік. Скончыў гар. вучылішча ў Таліне (1900). Друкаваўся з 1904. Аўтар твораў сац.дыдактычнага характару, прасякнутых ідэяй маральнага самаўдасканалення чалавека (зб-кі навел «Боскія дзеці», 1910; «Апошні дзень», 1927; «Жыццё ўрываецца», 1931; «Зямное ярмо», 1933). У раманах — сац.-псіхал. «Вілем з Вахесаарэ» (1909), «Рабы» (1912), «Вось чалавек!» (1918), «Жыццё і смерць Таавета Сааверэ» (1922), дылогіі «Белае воблака» (1925) і «Чырвоны вецер» (1928), антыклерыкальнай накіраванасці «Званыя і выбраныя» (1937), гіст. «На рацэ Юмерэ» (1934), «Агонь, які тлее» (1939), «Летні сонцаварот» (1957) і інш. шырыня ахопу гіст. падзей, своеасаблівая трактоўка ідэйных канфліктаў эпохі, надзённыя праблемы жыцця эст. вёскі і інтэлігенцыі, рэаліст. паказ сац. з’яў, тонкі псіхалагізм. Выступаў як драматург.

Тв.:

Рус. пер. — На реке Юмере. Таллин, 1964;

Красный ветер. 3 изд. Таллин, 1979.

т. 10, с. 316

МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.

Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.

т. 10, с. 316

МЕТЧЫ́К,

металарэзны інструмент для наразання ўнутранай разьбы ў папярэдне прасвідраваных адтулінах. Бываюць станочныя і ручныя, гаечныя і інструментныя (матачныя і плашкавыя). Разьбу ў гайках і падобных дэталях наразаюць на гайканаразных аўтаматах з выкарыстаннем аўтаматных М. з адагнутым хваставіком.

Метчык.

т. 10, с. 316

МЕТЫ́Л, метыльная група,

вуглевадародны радыкал, аднавалентная група атамаў, CH3−.

т. 10, с. 316

МЕТЫ́ЛАВЫ АРА́НЖАВЫ, метыларанж, геліянцін, n-(n-дыметыламінафенілаза) бензолсульфанат натрыю,

вытворнае азабензолу. Аранжава-жоўтыя крышталі; раствараюцца ў вадзе. Водны раствор (0,04%-ны) выкарыстоўваюць у аналіт. хіміі як індыкатар для кіслотна-асн. цітравання (у шчолачным асяроддзі афарбаваны ў жоўты колер, у кіслым — у чырвоны).

т. 10, с. 316

МЕТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, метанол, драўняны спірт,

прасцейшы аднаатамны аліфатычны спірт, CH3OH. Упершыню вылучаны ў 1835 франц. хімікамі Ж.​Б.​Дзюма і Э.​Пеліго з прадуктаў сухой перагонкі драўніны, сінтэзаваны ў 1857 П.Э.М.Бертло.

Бясколерная вадкасць са слабым пахам этанолу, tкіп 64,509 °C, шчыльн. 791 кг/м³ (20 °C). Добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Спалучае хім. ўласцівасці слабой асновы і вельмі слабой к-ты. Кіслародам паветра пры 500—600 °C у прысутнасці каталізатара акісляецца да фармальдэгіду. У прам-сці атрымліваюць пераважна каталітычнай рэакцыяй з сінтэз-газу (гл. Газіфікацыя паліва). Выкарыстоўваюць як сыравіну для арган. сінтэзу (пераважна фармальдэгіду), як растваральнік. Моцны яд (уздзейнічае на нерв. і сасудзістую сістэмы), атручэнне магчыма пры прыёме ўнутр (смяротная доза для чалавека 30 г), удыханні пары і пранікненні праз скуру, ГДК 5 мг/м³.

т. 10, с. 316