ГІДРАКРЭ́КІНГ,
каталітычная перапрацоўка высокакіпячых нафтавых фракцый, мазуту ці гудрону для атрымання бензіну, дызельнага і ракетнага паліва, змазачных масел і інш. Праводзяць уздзеяннем вадароду пры 330—450 °C і ціску 5—30 МПа на цэалітзмяшчальных каталізатарах. Працэс гідракрэкінга вызначаецца высокай выбіральнасцю (выхад мэтавага прадукту да 80%). Гл. таксама Гідрагенізацыя, Крэкінг.
т. 5, с. 225
ГІДРАКСІ́ДЫ,
неарганічныя злучэнні металаў агульнай формулы M(OH)n (n — ступень акіслення металу М). Сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў, напр. Al(OH)3 гідраргіліт, Mg(OH)2 брусіт. Асновы (напр., гідраксіды калію KOH, барыю Ba(OH)2 і інш.) ці амфатэрныя злучэнні. Амфатэрнасць праяўляюць гідраксіды некаторых металаў (напр., алюмінію Al(OH)3, цынку Zn (OH)2 і інш.). Гідраксіды шчолачных, шчолачназямельных металаў і талію Tl (I) наз. шчолачамі.
т. 5, с. 225
ГІДРАКСІЛА́ЗЫ,
монааксігеназы, ферменты класа аксідарэдуктаз. Каталізуюць уключэнне ў малекулу арган. субстрату аднаго з двух атамаў кіслароду ў выглядзе гідраксільнай групы (адсюль назва), другі атам аднаўляецца да вады H2O. Гідраксілазы называюць таксама аксігеназамі са змешанай функцыяй (акісляюць адначасова 2 розныя субстраты). Вызначаюцца складаным механізмам уздзеяння. Шырока распаўсюджаны ў прыродзе, біял. тканках; асабліва шмат гідраксілаз у мікрасомах наднырачнікаў млекакормячых, дзе яны ўдзельнічаюць у акісленні прамежкавых прадуктаў абмену стэроідных гармонаў (цытахром-P-450-гідраксілазы).
т. 5, с. 225
ГІДРАКСІЛАМІ́Н,
вытворнае аміяку, у якім атам вадароду замешчаны гідраксільнай групай, NH2OH. Бясколерныя, гіграскапічныя крышталі, tпл 32 °C, шчыльн. 1335 кг/м³ (10 °C). Пры хуткім награванні да 100 °C раскладаецца з выбухам. Неабмежавана раствараецца ў вадзе з утварэннем гідрату. З моцнымі к-тамі ўтварае солі гідраксіламонію — моцныя аднаўляльнікі, напр. хларыд NH3OHCl (tпл 152 °C), сульфат (NH3OH)2SO4 (tпл 172 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці капралактаму. Гідраксіламін і яго солі таксічныя: на скуры выклікаюць экзему. ГДК для NH3OHCl у вадзе вадаёмаў 5 мг/л.
т. 5, с. 225
ГІДРАКСІ́ЛЬНАЯ ГРУ́ПА,
гідраксіл, аднавалентная група OH. Структурны фрагмент неарган. (напр., гідраксідаў) і арган. злучэнняў (напр., спіртоў, фенолаў).
т. 5, с. 226
ГІДРАКСО́НІЙ,
гідроній-катыён, адратаваная форма іона вадароду (пратона), H3O+. Утвараецца па донарна-акцэптарным механізме пры ўзаемадзеянні пратона з малекулай вады. Існуе ў водных растворах кіслот. Удзельнічае ў многіх рэакцыях (напр., гідролізе), якія каталізуюцца к-тамі.
т. 5, с. 226
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.
т. 5, с. 226
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сетка гідралагічных назіранняў, сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм. раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
т. 5, с. 226
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
1) установа па вывучэнні гідралагічнага рэжыму водных аб’ектаў на пэўнай тэрыторыі. Абагульняе і апрацоўвае матэрыялы назіранняў на гідралагічных пастах. На Беларусі з 1928 дзейнічаюць рачныя гідралагічныя станцыі (Паўд.-Бел., у гарадах Вілейка, Магілёў, Мінск і інш.), азёрная (у курортным пас. Нарач Мядзельскага р-на), балотная (у пас. Палескі Лунінецкага р-на) і інш., а таксама ў цэнтрах па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах.
2) Пункт з вызначанымі геагр. каардынатамі на вадаёме, дзе вядуцца гідралагічныя назіранні.
т. 5, с. 226