цэ́ласнасць, ‑і, ж.
Стан цэласнага; цэльнасць. Тэрытарыяльная цэласнасць. □ Надзвычайная цэласнасць светаадчування, багацце пачуццяў.. — вось што характарызуе творы Я. Коласа. Адамовіч.
цэ́ласны, ‑ая, ‑ае.
Які ўяўляе сабой унутранае адзінства; адзіны, цэлы. Цэласнае ўражанне. Цэласная натура. □ У лепшых сваіх творах паэт дасягае адзінства паміж формай і зместам, а гэта робіць твор цэласным і сапраўды мастацкім. «Полымя».
цэласта́т, ‑а, М ‑таце, м.
Спец. Астранамічны прыбор з плоскім рухомым люстрам (сістэмай люстраў), які служыць для назірання за Сонцам і іншымі нябеснымі свяціламі, што перамяшчаюцца ў выніку бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы.
[Ад лац. caelum — неба і грэч. statós — нерухомы.]
цэ́ласць, ‑і, ж.
1. Непашкоджанасць, некранутасць каго‑, чаго‑н. Гунава прыслаў запіску, што Сімон можа выехаць у Сагвасаліо хоць заўтра, паблажліва гарантуючы абсалютную цэласць ягонай асобы. Самуйлёнак.
2. Адзінства, звязанасць усіх частак чаго‑н.; цэльнасць, цэласнасць. Не было цяпер і той цэласці і яснасці, з якой жыў.. [Лабановіч] тут у першыя дні свайго прыезду. Колас.
цэлафа́н, ‑у, м.
Празрыстая плёнка з віскозы, якая выкарыстоўваецца для ўпакоўкі. Лакіна адкрыла сакваяж, выцягнула загорнутыя ў цэлафан кулі і патрон. Асіпенка.
[Ад слова цэлюлоза і грэч. phanós — светлы.]
цэлафа́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цэлафану; зроблены з цэлафану. Асабліва зацікавіла гасцей цэлафанавая стрэшка. Пад такімі стрэшкамі вырошчваюцца маладыя расліны. Дубоўка.
цэлесці́н, ‑у, м.
Бясколерны ці шэра-блакітны мінерал з класа сульфатаў; серна-кіслы стронцый.
[Ад лац. caelesits — нябесны.]
цэліба́т, ‑у, М ‑баце, м.
Абавязковая бясшлюбнасць, устаноўленая для каталіцкага духавенства і праваслаўнага манаства.
[Ад лац. caelebs — нежанаты.]
цэ́лік, ‑а, м.
Спец. Прасцейшае прыцэльнае прыстасаванне на ствале зброі і на гарматных панарамах.
цэ́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
1. Накіроўваць стрэл, удар у каго‑, што‑н. Бяры, мілы, Трохлінейку, два падсумкі, патранташ, Цэлься ворагу ў сэрца, не прамаж. Крапіва. Анісім доўга і пільна цэліўся і стрэліў дуплетам. Сачанка. Ён [дзядзька] прымасціўся бачком на валун, Біў па зубілу, як быццам не цэліўся. Лужанін. // Імкнуцца зрабіць што‑н., накіроўвацца на пэўнае дзеянне. Галасок ужо зноў трымаў у руцэ чарку,.. цэліўся чокнуцца з Клаўдзяй. Савіцкі. Лістам сцелецца, а ўкусіць цэліцца. Прымаўка.
2. перан. Мець на ўвазе каго‑, што‑н.; мець намер завалодаць чым‑н., заняць якое‑н. становішча. Сынок Станіслава Крукоўскага Роберт яшчэ пры .. Пілсудскім усё маё золата ў Варшаве праглынуў і цяпер, кажуць, ужо на фальварак цэліцца. Бажко.