Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тухлава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі тухлы. Тухлаваты сыр.

ту́хласць, ‑і, ж.

Уласцівасць тухлага.

тухлі́на, ‑ы, ж.

Разм. Непрыемны пах ад пратухлых, сапсаваных прадуктаў. Пахне тухлінай. // Пратухлыя, сапсаваныя прадукты, харчы.

ту́хлы, ‑ая, ‑ае.

Пратухлы, з непрыемным пахам гніення. Тухлыя яйкі. Тухлая рыба. □ — Твой сазан тухлы, — крыкнуў Вано. — Ты яго здохлага злавіў. Самуйлёнак. // Разм. Затхлы, нясвежы (пра ваду); згорклы (пра масла). Тухлае масла. □ Падшыванцы — свіныя пастухі, забыўшы пра сваіх свіней, пра ўсё на свеце, плёскаліся ў копані, у зацвілай раскай тухлай вадзе. Мележ. // Уласцівы гніючым прадуктам (пра пах). На Рыгора панясло смуродам тухлага паветра. Гартны.

тухля́ціна, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Пратухлыя прадукты.

2. Пах ад пратухлых прадуктаў. Яшчэ цяжэйшы дух ад місак, тухляціны агідны дух. Вялюгін.

ту́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

1. Пераставаць гарэць, свяціць; гаснуць. Зусім не чутно было выбухаў, толькі ў небе, далёка адсюль, загараліся і адразу тухлі арыенціровачныя ракеты. Лупсякоў. Пад самай столлю захісталася лямпа і пачала тухнуць. Каваль. Агонь ніколі ў нас не тухне, Па двух калах кіпіць кацёл. Астрэйка. Раджаўся дзень, за лесам тухлі зоры. Кляшторны. // Страчваць бляск, жывасць (пра вочы, погляд і пад.). Гора вырастае ў адзін міг: галава апускаецца ніжэй, вочы тухнуць. Бядуля.

2. перан. Слабець, памяншацца. І бязмерная радасць адразу тухне, нібы ў сэрцы агні чорным радном пакрыліся. Лынькоў. Гудкі запелі расставанне, А стрэчы як і не было. І тухне зноў на скрыжаванні Падзей зялёнае святло. Чэрня.

ту́хнуць 2, ‑не; пр. тух, ‑ла; незак.

Разм. Загніваць і непрыемна пахнуць; пратухаць.