Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

туга...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тугі» (у 1–4 знач.), напрыклад: тугавухі, тугадум.

ту́га,

1. Прысл. да тугі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. [Палкоўнік:] — Калі завяжацца бой, нам будзе туга. Няхай.

3. безас. у знач. вык. Пра недахоп чаго‑н., пра цяжкасці з чым‑н. — З усімі матэрыяламі, хлопцы, туга, — уздыхае начальнік. — Пастаўшчыкі падводзяць. Мыслівец.

туга́, і́, ДМ тузе́, ж.

1. Смутак, маркота, журба. Столькі было тугі па свабодзе і мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы! Брыль. // Пачуццё нуды, выкліканае бяздзейнасцю або немагчымасцю ажыццявіць тое, што задумана. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Быкаў. // Адлюстраванне такога стану, пачуцця (у вачах, на твары і пад.). Зноў на твар .. [маці] кладзецца цень тугі і трывогі. Ракітны. З тваіх вачэй сатру тугу І засвячу празрысты ранак. Матэвушаў. У .. зеленаватых вачах [Яўцеха Гаўрылавіча] была такая туга і такі боль, што нам хацелася хутчэй развітацца, каб не бачыць гэтага. Пянкрат.

2. Выказванне душэўнай прыгнечанасці, скрухі, смутку (у музыцы, песні, вершы і пад.). Вершаў, прасякнутых матывамі тугі, беспрасветнасці жыцця, у Коласа многа, яны закранаюць, бадай, усе больш-менш прыкметныя асяродкі дзейнасці селяніна, яго побыту, працы. Навуменка.

тугава́та,

1. Прысл. да тугаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра цяжкасці ў чым‑н. Хлопцы жылі на прыватных кватэрах, настаўнікі да іх не заглядалі. Толькі з харчамі было тугавата. С. Александровіч.

тугава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі тугі. Сівалоб, хоць і тугаваты быў на здагадку, усё ж такі здагадаўся: яны [даяркі] яшчэ нічога не ведаюць. Сабаленка.

•••

Тугаваты на вуха — тое, што і тугі на вуха (гл. тугі).

тугаву́хасць, ‑і, ж.

Частковая страта слыху; недачуванне.

тугаву́хі, ‑ая, ‑ае.

Які недачувае; глухаваты.

тугаду́м, ‑а, м.

Разм. Той, хто не можа хутка думаць, разумець. Выхваляўся тугадум: Маю сорак тэм-задум!.. Але вось бяда і гора. Што няма дагэтуль твораў. Шушкевіч. Вырашыў [Шыковіч] пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён — тугадум, як той анекдатычны фін, — на пытанне, якое задалі раніцой, адкажа ўвечары, але затое аб’ектыўны і разумны. Шамякін.

туга́й, ‑ю, м.

Пойменны лес, непраходны зараснік у рачных далінах пустэльнай зоны Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі.

[Цюрк.]

туга́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тугаю. Тугайныя лясы. Тугайны зараснік.

тугапла́ўкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць тугаплаўкага.