Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

туш 1, ‑а, м.

Кароткае музычнае прывітанне ў гонар каго‑н. у час віншавання, узнагароджвання, а таксама невялікая музычная п’еса фанфарнага складу. А потым пад урачысты туш уручалі ветэранам і перадавікам вытворчасці грашовыя прэміі і ганаровыя граматы. Місько.

[Ням. Tusch.]

туш 2, ‑ы, ж.

Чорная ці каляровая фарба для чарчэння або малявання. Лязо непрыкметна, мікрон за мікронам, здымала з паперы напісаныя тушшу літары. Новікаў. На фоне неба вяршыні старых елак здаваліся намаляванымі чорнай тушшу. «Беларусь».

[Ням. Tusche.]

туш 3, ‑у, м.

Выпадковы дотык да шэра, які лічыцца за ўдар у гульні на більярдзе.

[Фр. touche — дотык, датыканне.]

ту́ша, ‑ы, ж.

1. Асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы. У мясным радзе па круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // Цела якой‑н. вялікай мёртвай жывёлы. Але забіты .. [дзік] быў не тут — сюды падцягнулі; туша зрабіла шырокі след-сцежку, ссунуўшы лісце, патрушчыўшы жалуды, на карэннях садраўшы мох. Шамякін. І .. [Рыбак], прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Быкаў.

2. Разм. Пра вялікага, поўнага чалавека; цела такога чалавека. Аж цесна стала, калі ўперлася ў памяшканне чорная туша ксяндза Гадлеўскага. Новікаў. // перан. Пра што‑н. вялікае, грузнае. Туша чорная парома Ціха дрэмле на Дняпры. Жычка.

тушава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для тушавання. Тушавальны карандаш.

тушава́льшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца тушаваннем, тушоўкай.

тушава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да тушавальшчык.

тушава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тушаваць ​1.

тушава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тушаваць ​1.

тушава́цца 1, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; незак.

Саромецца, бянтэжыцца. І сусед тушаваўся, ледзь паспяваў сказаць: «Дзякую, дзякую, дзякую...» Пестрак. Ніякавела, тушавалася пад людскімі позіркамі дзяўчына, прыспешвала крок. Місько.

тушава́цца 2, ‑шуецца; незак.

Зал. да тушаваць ​1.

тушава́цца 3, ‑шуецца; незак.

Зал. да тушаваць ​2.

тушава́ць 1, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак., што.

Наносіць цені на малюнак, пакрываць тушоўкай. Тушаваць чарцёж.

тушава́ць 2, ‑шую, ‑шуеш, ‑шуе; незак.

Выпадкова дакранацца да більярднага шара, рабіць туш ​3.

ту́шавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тушы ​2. Тушавыя фарбы.