тур 1, ‑а, м.
1. Адзін круг танца па пакоі, зале і пад., а таксама адзін кругавы рух у вальсе. Тур вальса.
2. Асобны этап якой‑н. гульні, конкурсу, спаборніцтва, які складае частку гэтай гульні, спаборніцтва. Апошні тур шахматнага чэмпіянату. □ Закончыліся гульні першага тура чэмпіянату краіны па валейболу. «Звязда». Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей. // Этап, частка якой‑н. падзеі, мерапрыемства і пад. Але ўсё адно прачытаны .. [камандзірам атрада] загад аб другім туры рэйкавай вайны прагучаў радаснай навіной. Шахавец. // Асобны этап выбараў, а таксама адна са ступеней пры шматступеннай выбарчай сістэме. Першы тур выбараў.
[Фр. tour.]
тур 2, ‑а, м.
1. Гіст. Запоўненая зямлёю плеценая кашолка, якая выкарыстоўвалася ў якасці ўкрыццяў ад куль і снарадаў.
2. Пірамідка з камянёў, складзеная альпіністамі на вяршыні, на якую яны ўзышлі першымі.
[Фр. tour]
тур 3, ‑а, м.
1. Першабытны дзікі бык, які з’яўляецца адным з продкаў буйной рагатай жывёлы. У лясах Белавежскай пушчы ў вялікай колькасці вадзіліся туры, зубры, ласі, мядзведзі, алені, дзікія кабаны, казулі. «Весці». [Князь] гукнуў .. дружыну ды і пайшоў сабе Палессем, харчуючыся забітымі зубрамі і турамі. Караткевіч.
2. Горны каўказскі казёл.
тура́, ‑ы, ж.
Разм. Шахматная фігура, якая мае форму вежы; ладдзя 2. Каля каробкі пажарнага дэпо з вежаю, што нагадвала шахматную туру, размясціўся цэлы партызанскі лагер. Карпаў.
[Фр. tour ад лац. turris — вежа.]
турава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Спец. Выконваць другую партыю пры спяванні або ігры на музычным інструменце; уторыць.
2. каму-чаму. Паўтараць чые‑н. словы, якія-н гукі. Манатонна гудуць тэлефонныя правады. Ім туруюць камары. Масарэнка. Вечар... Вечар асенні, хмуры... Дожджык цалуе шыбы. Вецер пяе — туруе. Чарот.
тураня́ і туранё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня турыхі; маленькі тур.
тура́ч, ‑а, м.
Птушка сямейства фазанавых.
турба...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «турбінны», напрыклад: турбакампрэсар, турбапомпа.
[Лац. turbo — віхор.]
турбабудава́нне, ‑я, н.
Галіна машынабудавання, якая вырабляе турбіны.
турбабудаўні́к, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне турбабудавання.
турбабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турбабудавання. Турбабудаўнічая тэхніка.