Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тужлі́ва,

1. Прысл. да тужлівы.

2. безас. у знач. вык. Маркотна, нудна. Піне стала тужліва і крыху страшна. Мележ.

тужлі́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць тужлівага. Тужлівасць спеваў.

2. Туга, нуда, журба. Тужлівасць і нуда запанавалі ў хатах. Гарэцкі.

тужлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Прасякнуты тугой, поўны тугі. З неба даносяцца тужлівыя крыкі: «Курлы! Курлы!» Даніленка. Толькі ўзняўся .. [Корбут], ля вогнішча стаў. І заспяваў. Тужлівая такая песня. Сумная. Савіцкі. Ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумёная. Колас. // Які выяўляе тугу. Пастарэла, вельмі пастарэла ты, мама .. У куточках рота назаўсёды ляглі тужлівыя складкі, у вачах — глыбокі смутак. Каршукоў. Погляд .. [Срэбнікава] стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Быкаў.

2. Які наганяе тугу, выклікае тугу. Была тужлівая цішыня, душная цемра,.. страх сціснуў сэрца дзяўчынкі. Самуйлёнак.

тужу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Форменная або дамашняя куртка, звычайна двухбортная. Яркі аганёк запальнічкі асвятліў чалавека ў скураной тужурцы з маўзерам на баку. Асіпенка. Я распрануў сваю лётную тужурку на футравай падкладцы і разаслаў яе на снег. Шамякін.

[Ад фр. toujours — пастаянна, заўсёды.]

ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.

тужы́ць, тужу, тужыш, тужыць; незак.

1. Сумаваць, маркоціцца. — Ды ўжо ж, жывём, не скардзімся. І вы, бачу, не тужыце, — грымеў незнаёмы бас. Парахневіч. / у перан. ужыв. Вайна... Адзінокія фабрыкі тужаць,.. Апусцелі палі — Ні касцоў, ні аратых... Па загаду цара Усіх здаровых і дужых .. Назвалі ў салдаты. Глебка.

2. Нудзіцца, быць ахопленым сумам. То яго [малога] зводзіла рэха, то спаць зоры не давалі, то яго паліла сонца, то завеі асыпалі, то спяваў палям, дуброве, то тужыў па чарнабровай, Аж ад гэтых чараў ён І спакой згубіў і сон. Танк. Там мацяркі гатуюць вячэру на агні І тужаць і сумуюць Па хатняй цеплыні. Гілевіч. / у перан. ужыв. Не тужы ты, Нёман, адзінока па Красуні — Прыпяці далёкай. Русак.

3. Гараваць, знаходзіцца ў стане смутку, перажываць якое‑н. няшчасце. Па-жабрацку нясмела грукае дзвярыма ўбогай хаты начны вецер, а старая маці, якіх я бачыў навокал многа, прадзе бясконца, тужыць па сыне, які сядзіць у турме за праўду. Брыль.

тужэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. тугі.

тужэ́ць, ‑эе; незак.

Станавіцца тугім, больш тугім (у 1–3 знач.). Як сцякла вада і тужэла зямля, абмытае каменне на ўзлеску блішчэла пад сонцам. Чорны.