Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

туз 1, ‑а; мн. тузы, ‑оў; м.

1. Старшая ў сваёй масці ігральная карта з адным ачком пасярэдзіне. Піковы туз. □ Шаірка паклаў перад Бандарэнкам карту, сказаўшы: — Табе, як начальніку, туга. Асіпенка.

2. перан.; чаго або які. Разм. Багаты чалавек, высокапастаўленая, уплывовая асоба. Фінансавыя тузы Амерыкі. □ Нью-Йорк не знаў такіх падзей. Тузы глядзяць з пагардай: ідуць натоўпы цэлы дзень у Мэдзісан Сквер-Гардэн. Вялюгін. У зале было паўнютка. На пярэдніх радах сядзелі гарадскія тузы, афіцэры з жонкамі, настаўнікі. С. Александровіч. // Пра вядомага, праслаўленага ў якой‑н. галіне дзейнасці чалавека. Літаратурныя тузы. Тэатральныя тузы. // Таўстун, накормлены, напоены да адвалу. Наеўся, як туз. П’янюсенек — туз тузам.

[Польск. tuz ад ням. Daus.]

туз 2, ‑а, м.

Невялікая лёгкая двухвёславая шлюпка для аднаго весляра.

[Ад англ. two — два.]

туз 3, ‑а, м.

У выразе: даць туза каму — моцна ўдарыць кулаком.

тузані́на, ‑ы, ж.

Разм.

1. Бойка. [Віктар:] — Тузаніна ў кустах сведчыла, што і вораг яго [зайца] не надта моцны, калі яны так доўга тузаюцца. Маўр.

2. Намаганні ажыццявіць што‑н., важданне з чым‑н. А жыццё наўкола з яго штодзённым клопатам і тузанінай тым часам ідзе як і заўсёды, як вечна. Васілевіч.

ту́занне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. тузаць (у 1 знач.).

тузану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да тузацца (у 1 знач.).

тузану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да тузаць (у 1, 2 знач.).

ту́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіць хуткія, рэзкія рухі, рыўкі. Метрах у шасцідзесяці ад берага бездапаможна тузаўся чалавек. Лынькоў. Воўка тузаецца, заходзіцца ровам і наровіць вылузацца з няньчыных рук. Васілевіч. Цяпер жа, змораны, .. [конь] часта кволіўся, збіваўся са свае сцежкі, тузаўся ў аглоблях. Якімовіч. // Рабіць сутаргавыя рухі; уздрыгваць. Кулі бзыкалі блізка ад Толевых гарачых шчок, галава, здаецца, сама тузалася ў бакі, а Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму. Брыль.

2. Разм. Мучыцца, робячы што‑н. Не адзінокі хлебароб тузаецца на .. [калгасных палях] з худым конікам, не адзінокая жняя-гаротніца выжынае сваю вузкую палоску. Працу вядзе грамада. Хадкевіч. // з кім-чым. Шмат, доўга займацца кім‑, чым‑н. Поўненькая дзяўчынка з вялікімі светлымі вачыма, вельмі падобная на бацьку, тузалася з ужо абдзёртай і раздзёртай сілявінай, ніяк не могучы выцягнуць яе з вочка сеткі. Брыль. // Імкнуцца, спрабаваць што‑н. рабіць. — У [Сашы] маці і дома ўсё дагледзець, і тут яшчэ паможа, і малыя, як мурашкі, тузаюцца ўжо нешта рабіць. Васілевіч.

3. Разм. Штурхаць адзін аднаго, біцца, змагацца. Учапіўшыся адзін аднаму ў валасы, .. [хлапчукі] тузаліся, падалі і зноў, як пеўні, браліся за чубы. Ваданосаў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. // Мерацца сілай, дужацца. Барцы тузаліся ўжо ля дзвярэй, зачапілі нагамі рагачы ў прыпечным закутку, і яны з глухім лязгатам пасыпаліся долу. Б. Стральцоў. // Важдацца з кім‑н. Жартаваў з ёю, тузаўся, пакуль .. [Агата], чуючы, што траціць волю сваю перад ім, не прагнала .. [Асташонка]. Чорны.

ту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за што. Торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі. — Добра б, каб вы [Цімка] пра гэта Лёдзі расказалі... — сказаў Шарупіч, не зважаючы на тое, што жонка тузае яго за крысо. Карпаў. [Мартыневіч] падганяў сваю Чорную, дужую, але ляную кабылу, тузаў лейцамі, цмокаў, крычаў, але яна не слухалася. Чарнышэвіч. У швачнай гудзелі машыны. Заўважыўшы Ваську, .. [дзяўчаты] кінуліся да яго гаманлівай стайкай, церабілі за пінжак, тузалі за рукі. Лынькоў. // Цягаць за валасы, вушы і пад. Раман крыху пастаяў, потым рашуча падышоў да ложка, узяў Сафрона за кучаравую чупрыну і пачаў тузаць. Чарнышэвіч. Машынка [майстра], як і нажніцы, раз-пораз так тузалі мае валасы, што аж іскры мітусіліся ў вачах. Паслядовіч. // Тармасіць, трэсці. Я абшчапіла .. [бацьку] за плечы, тузала, смяялася. Савіцкі. Разбудзілі [Ігната] пасля таго, як доўга тузалі за плечы. Галавач. // Разм. Біць, калаціць, трэсці каго‑н. Тады жонка Змітрака, хітрая жанчына, пачынала тузаць мужчын, даваць то аднаму, то другому ў каршэнь ды выпіхваць з хаты. Кавалёў. // Рэзкім рухам кранаць з месца. [Шафёр:] — Чапляй [трос] там!.. Ды не тузай рыўкамі... Аношкін. [Андрэй] азірнуўся — ззаду падскоквалі ўгару снапы; трактар тузаў воз. Пташнікаў. / у безас. ужыв. Вагон калыхала і тузала на кожным стыку. Грахоўскі. Вагон хадзіў ходарам. Эшалон тузала, бразгалі буферы. Ставер. // Торгаць сюды-туды, імкнучыся адчыніць што‑н. [Маці] тузала дзверы, бразгала жалезам, пакуль адчыніла. Чорны. // Шавяліць, развяваць, рваць што‑н. (пра вецер). Ветрык весні, ветрык-гарэза Ўсё трасе і тузае сад. Караткевіч.

2. каго-што. Рытмічна торгаць, пранізваць (пра боль). Пасля ўсёй гэтай валтузні Кандрат Назарэўскі пачуў яшчэ больш, як боль востра тузаў нагу. Чорны. Часам Ганна вярэдзіла .. [пазногаць], і руку ламаў, тузаў моцны боль. Мележ. // безас. Разм. Нудзіць, рваць. Выжлятніка тузала ў качарэжніку ля грубкі. Пташнікаў. На ўсю царкву не пах ужо — смурод, І чхае, й кашляе народ, Таго ўжо тузае і рве. Крапіва. // безас. Выклікаць рэзкі штуршок. Забыўшы пра гэта, жанчына дакранаецца рукой да металічнага прадмета, і яе тузае электрычным разрадам. Новікаў. // чым. Рабіць рэзкія сутаргавыя рухі якой‑н. часткай цела. [Ігнат] напінаў рукі, тузаў плячыма, ірваўся. Мележ.

3. перан.; каго. Разм. Не даваць спакою каму‑н., дакучаць якімі‑н. патрабаваннямі. Крытык, родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць — то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва. [Ермаліцкі:] — Да таго ж у нас пачынаецца справаздача, і замест работы мы будзем толькі тузаць людзей, а яны і так перагружаны. Скрыган. А жыццё тузае людзей, як захоча. Асіпенка. // Надаядаць каму‑н. шматлікімі пытаннямі, просьбамі. Ганьку тузаюць малыя: — Што ты прынесла? Васілевіч.

тузе́мец, ‑мца, м.

Ураджэнец, карэнны жыхар якой‑н. краіны або мясцовасці (звычайна аддаленай ад цэнтраў цывілізацыі) у процілегласць прыезджаму або чужаземцу; абарыген. Праўда, даўно ўжо мінулі тыя часы, калі туземцы лічылі белых за багоў. Маўр.

тузе́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Жан. да туземец.

тузе́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да данай мясцовасці, краіны; мясцовы. Туземнае насельніцтва. Туземная прамысловасць. Туземныя звычаі.