Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ту́лава, ‑а, н.

Цела чалавека або жывёліны без галавы і канечнасцей. Стома ўсё больш абцяжарвала рукі, тулава, але .. [Васіль] не паддаваўся. Мележ. Цяпер .. [Чарнавус] падаўся тулавам крыху ўперад, падрыхтаваўся слухаць: цікава ўсё ж такі, што будзе гаварыць новы старшыня, чым здзівіць? Кулакоўскі.

тулі́цца, тулюся, тулішся, туліцца; незак.

1. Гарнуцца, прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Хлапчанё тулілася да маці і палахліва шаптала: — Я баюся, мамачка. Шамякін. Нібы да знаёмых, туліліся дзеці К савецкім байцам, абнімаючы іх. Астрэйка. За гэты час ласяняты добра падраслі; яны дрыготка пацепваліся ад холаду і туліліся да ласіхі. Кірэйчык. // Гарнуцца, прыхінацца, кахаючы каго‑н. Соладка замірала маё сэрца, калі я кружыў Таню і яна боязна тулілася да мяне. Марціновіч. — Якая ты добрая, што прыйшла ў гэтую ноч, Танечка! — шэпча абрадаваны Міхась і .. моцна туліцца да яе. Машара. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н., быць у прыязных адносінах з кім‑н. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Колас. // Набліжацца і шчыльна прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Я шчыльна тулюся да халодных аконных шыб, хапаюся рукамі за гладкую сцяну і паглынаю вачыма далёкія прасторы. Галавач. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны, туліліся бліжэй да цёплых чараноў. Мележ. Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. Гарэцкі. / у вобразным ужыв. Хвалі мора да берага туляцца. Глебка. Вечар туліўся да шэрых сцен старасвецкай будоўлі. Чорны. І вось ужо Мяне глынула вуліца, Дзе ў змроку непрагляднае начы Не толькі людзі — Дрэва к дрэву туліцца! Макаль. // Хавацца ў што‑н. Генерал туліцца ў бурку, працірае вочы. Пестрак. — Ой, я баюся! — туліцца мама ў падушку. Брыль.

2. Знаходзіць прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе‑н. у цеснаце, у непадыходзячым месцы. У часы вялікага заводу ваўначоска працуе і дзень і ноч, завозчыкі запруджваюць двор, па начах туляцца ў сенцах, у адрыне, на прыгрэбцы, а некаторыя, найбольш знаёмыя, і ў хаце. Кулакоўскі. Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. Васілевіч. Калісьці .. [музычная школа] тулілася ў двух невялічкіх пакойчыках пры Доме асветы. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы. Колас. // Ціха стаяць дзе‑н., прытаіўшыся. Не ведалі сакратар і яго маладзёжная дружына, што за яблыняй на падворку за парканам туліўся не хто іншы, як сам Мацей Гусак. Пестрак. Быццам туліцца цішком Нехта за капліцаю! Дзяргай. // Хавацца дзе‑н., ратуючыся ад каго‑, чаго‑н. Так, дорага абышлася народу гэтая блакада. Вёскі пагалелі канчаткова, людзі туліліся ў лесе, ратуючыся. Лось.

3. перан. Размяшчацца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. Прыборны і Паўленка настойвалі спыніцца ў Выселках — невялічкай вёсцы, што тулілася каля самага лесу. Шамякін. [Будынак] туліўся ля падножжа высокай скалы, нібы зрэзанай нажом зверху ўніз. Шыцік.

тулі́ць, тулю. туліш, туліць; незак., каго-што.

1. Прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай. Нясе з яслей маці сына, Песціць яго, туліць... Колас. [Янка] гладзіў Аленіны валасы, праводзіў шурпатымі, прапахлымі лазою далонямі па яе твары, туліў да сябе, прыпадаў да вуснаў. Лупсякоў. // Беражліва трымаць, прыхінаць да сябе. Усё на скверах і ў парках адцвітала, а Марына туліла да грудзей свежыя, яркія кветкі. Грамовіч. // Шчыльна прыціскаць, прытульваць што‑н. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці можа таксама ўцяміла, што .. [козлік] яе «ветэрынар». Брыль. [Гняды] раз-поразу фыркае, туліць да галавы вушы і круціць хвастом. Чарнышэвіч. [Сашка] туліў да рукі мокрую ад крыві хустачку. Чорны. Вецер туліў плацце да .. ног [Веры]. Пестрак. // Хаваць што‑н. у што‑н. [Надзя] туліла ў шырокі плашчык сваю фігуру цяжарнай жанчыны, саромелася і адчувала сябе няёмка. Машара. Мы тулім у каўняры галовы, ляніва адмахваемся ад камароў і хмура маўчым, нібы толькі што пасварыліся. Шашкоў.

2. перан. Хаваць, укрываць каго‑н., служыць прытулкам для каго‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Нас тут гуляць і клён і сасна, Берагуць ад відна да відна. Астрэйка. Пушча і ночка яе [песню] гадавалі, Няньчылі казкамі ночы нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Снежныя буры тулілі зімой. Купала.

тулумба́с, ‑а, м.

Старадаўні ўдарны музычны інструмент (разнавіднасць літаўры).

[Тур.]

туля́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лязе, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Чалавек, які туляецца, пазбягае сустрэчы; бадзяга. А туляга, як вядома, чалавек, які туляецца, увесь час хаваецца, каб быць непрыкметным. Сабалеўскі. Шыраеўскія дзядзькі і да гэтага бачылі, што Чубар не проста туляга, а чалавек са зброяй, значыць, мае калі не ўладу, то дачыненне да нечага вельмі важнага. Чыгрынаў.

2. Разм. Баязлівец, нерашучы чалавек.

туля́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. туляцца.

тулярэмі́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тулярэміі.

тулярэмі́я, ‑і, ж.

Вострае інфекцыйнае захворванне жывёл і чалавека, якое прыводзіць да агульнага атручэння арганізма.

[Ад геагр. назвы.]

туля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца. Быў і яшчэ адзін чалавек, які ў нядзельныя дні не сядзеў у бараку, а ўсё хадзіў, туляўся па ферме. Сачанка. // Знаходзіцца дзе‑н., хаваючыся ад каго‑, чаго‑н. Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам. Чорны. // Пазбягаць сустрэчы з кім‑н. [Загадчык гаража:] — Скажы [Надзя] проста, што не хочаш, са мною сустракацца, туляешся ад мяне. Кулакоўскі. Дзікім загнаным зверам туляўся .. [чалавек] па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч. Ваданосаў. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч. // Ухіляцца ад чаго‑н., быць незанятым чым‑н. — А што? — трохі збянтэжыўся гэтай грубасцю студэнт. [Дзядзька Антось:] — Як гэта — што? Людзі робяць, а ён туляецца, круціць. Прывык сабе на дурнічку. Брыль. Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона. Колас. [Штрыпке:] — Загадайце, каб .. [Верабей] адшукаў усіх, хто яшчэ туляецца недзе без справы. Лынькоў. [Сакратар партячэйкі:] — Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш. Калюга.

2. Быць бяздомным, беспрытульным. [Балатніцкі:] — Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра другіх. Бачыў, колькі босай, галоднай дзетвары туляецца па лесе. Гурскі. Ля крам туляюцца галодныя, рабрыстыя сабакі. Гарэцкі. // Быць адзінокім. Рамір дастаў пачак папярос, закурыў: — Разумееш, абрыдла аднаму туляцца. Асіпенка. Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх. Зарэцкі.