Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мір 1, ‑у, м.

1. Адсутнасць варожасці, сварак; згода. Да ўсеагульнага задавальнення ў кухні ўсталяваўся мір і парадак. Лынькоў. А раніцай было ясна, што ў доме можна чакаць усяго, але толькі не міру. Ракітны.

2. Адсутнасць вайны; суіснаванне дзяржаў і народаў у згодзе між сабой. Мы робім і будзем рабіць усё магчымае, каб адстаяць і ўмацаваць мір, збавіць чалавецтва ад новых знішчальных войнаў. Брэжнеў. Грымяць, усё мацней грымяць апладысменты простых людзей, што патрабуюць міру ва ўсім свеце. Васілёнак.

3. Пагадненне паміж варожымі бакамі аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў; мірны дагавор. Падпісаць мір. □ Рыжскі мір .. даў магчымасць Савецкай Беларусі распачаць аднаўленне народнай гаспадаркі. «Весці».

4. Спакой, цішыня. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко.

•••

Голуб міру гл. голуб.

Сацыяльны мір — ідэя прымірэння класаў, якую прапаведуюць дробнабуржуазныя сацыялісты.

мір 2, ‑а, м.

Уст. Сельская грамада. — Што будзе міру, — сказаў дзед устрывожанай матцы, — тое і бабінаму сыну. Якімовіч.

мі́ра, ‑а, н.

Пахучы алей, які ўжываецца хрысціянскіх царкоўных абрадах.

•••

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

[Ад грэч. mýron — пахучы алей.]

мірабе́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мірабеля. Мірабелевае дрэва. // Прыгатаваны з мірабелю. Мірабелевы кампот.

мірабе́ль, ‑я і ‑ю, м.

1. ‑я. Пладовае дрэва, падобнае на сліву.

2. ‑ю, зб. Дробныя жоўтыя плады гэтага дрэва.

[Фр. mirabelle, ад назвы мястэчка Мірабо на поўдні Францыі.]

мірабе́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і мірабелевы.

мірабілі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Тое, што і глаўберава соль.

[Ад лац. mirabilis — здзіўляючы.]

міравы́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны з устанаўленнем мірных адносін паміж спрэчнымі бакамі. Міравое пагадненне.

2. у знач. наз. мірава́я, ‑ой, ж. Мірнае вырашэнне спрэчкі, сваркі. [Алена:] — Ці не сватацца ты, Лёнік, прыйшоў? Чаму ж адзін? — Спачатку завітаў да Ады на міравую. Пасварыліся мы з ёю трошкі. — Вунь што, а яна мне нічога не сказала. Пальчэўскі.

3. У царскай Расіі і ў некаторых буржуазных краінах — звязаны з судовымі органамі, якія разбіраюць, галоўным чынам, дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы. Міравы суд. Міравы пасрэднік. Міравы суддзя.

•••

Міравая здзелка гл. здзелка.

міравы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм. Вельмі добры, цудоўны. — Капітан наш міравы! — задаволена паціраючы рукі, з юначым запалам хваліцца лейтэнант. Васілевіч. [Шэмет:] — Пагодка, я, гляджу, заўтра міравая будзе. Лобан.

мірае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Разм. пагард. Той, хто жыве з чужой працы; кулак, эксплуататар. Першым быў схоплены [паліцаямі] Стась Галубоўскі, член сельскага савета, які дзяліў паміж сялянамі зямлю пана Скірмунта і такіх міраедаў, як Кандыба. Чарнышэвіч.

мірае́дскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард. Які мае адносіны да міраеда, міраедаў, уласцівы ім. Міраедская хцівасць.

міра́ж, ‑у, м.

1. Аптычная з’ява ў атмасферы, пры якой на гарызонце ўзнікаюць уяўныя адлюстраванні далёкіх наземных прадметаў або ўчасткаў неба ў выніку заломвання сонечных праменняў у нераўнамерна нагрэтых слаях атмасферы. І раптам Засмужац перад сабой убачыў агеньчык. Ён не паверыў, нават напалохаўся, з трывогай падумаў, што гэта міраж. Мележ.

2. перан. Тое, што не адпавядае рэчаіснасці, тое, што не можа здзейсніцца. Штодзень святлей, шырэй разлогі, І гэта не міраж. Ідуць-бягуць шляхі-дарогі, змяняецца пейзаж. Пушча.