Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

між...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню прыназоўніку «між», напрыклад: міжбібліятэчны, міжвідавы.

міжабласны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які існуе, адбываецца паміж абласцямі. Міжабласныя перавозкі.

2. Агульны для некалькіх абласцей. Міжабласная завочная школа.

міжако́нне, ‑я, н.

Частка сцяны паміж аконнымі праёмамі.

міжако́нны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, размешчаны ў міжаконні.

міжакруго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рада акругоў, агульны для некалькіх акругоў.

2. Які адбываецца паміж акругамі. Міжакруговыя шахматныя спаборніцтвы.

міжара́бскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да некалькіх арабскіх краін, які ажыццяўляецца паміж імі. Міжарабская палітыка.

міжа́тамны, ‑ая, ‑ае.

Які існуе паміж атамамі, дзейнічае паміж атамамі. Міжатамная сувязь.

міжафрыка́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рада афрыканскіх краін, які ажыццяўляецца паміж імі.

міжбібліятэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да некалькіх бібліятэк. Міжбібліятэчны абанемент.

2. Які адбываецца паміж бібліятэкамі. Міжбібліятэчны абмен.