Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мілава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. мілава́ць і мілава́цца.

мілава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.

Праяўляць узаемную любоў, лашчыцца; абнімацца. Вунь юнак і дзяўчына кіруюцца У зялёную зацень алей. Хай сабе на здароўе мілуюцца! Панчанка. Паліна лыпнула вачыма, убачыла, як бацька мілуецца з малым, і ў яе прыемна стала на душы. Гурскі.

мі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак., каго.

1. Дараваць каму‑н. віну; шкадаваць. — Не забывайся, чалавеча, што я — войт, чалавек, упаўнаважаны судзіць і мілаваць... Бажко.

2. Уст. Выказваць увагу, любіць.

•••

Бог мілаваў гл. бог.

Няхай бог мілуе гл. бог.

мілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; незак., каго.

Песціць, галубіць; любіць. [Рыта] узяла ад маці Ларысу, у нейкім узбуджана-няўрымслівым настроі мілавала яе на вачах здзіўленага мужа. Навуменка.

мілаві́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мілавіднага. Павярнуўшыся да суседкі, Рыгор .. глядзеў ёй у твар, цешыўся яго мілавіднасцю. Гартны.

мілаві́дны, ‑ая, ‑ае.

З прыемным на выгляд тварам, прывабны. Хударлявая, сярэдняга росту, з мілавідным тварам, чыста адзетая маладзіца ўвайшла ў пакоік з невялікім чайнікам у руцэ. Гартны. З трох дзяўчат .. [Надзея Адамаўна] была самая мілавідная. Колас.

мілагу́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мілагучнага. Мілагучнасць мовы. Мілагучнасць голасу.

мілагу́чны, ‑ая, ‑ае.

Прыемны на слых; які прыемна гучыць. □ Гукі раяля, зліваючыся ў мілагучную мелодыю, ледзь чутна даляталі да вушэй вартавога. Колас.

мі́ласцівы, ‑ая, ‑ае.

Які выказвае міласць, прыхільнасць, паблажлівасць; літасцівы. Аднак лёс быў неаднолькава міласцівым да Полацка і палачан. Васілевіч.

мі́ласціна, ‑ы, ж.

Ахвяраванне жабраку, бедняку. І зноў вагоны, зноў даўжэзная пакутлівая дарога. На станцыях [бежанцы] хадзілі прасіць міласціну, хоць рэдка калі ўдавалася што сабраць. Якімовіч.

мі́ласць, ‑і, ж.

1. Добрыя, велікадушныя адносіны. Дзякуй вам за хлеб, за кашу і за міласць вашу. З нар.

2. Ахвяраванне, дар. [Аксіння:] — Ды кожнаму кланяйся ды прасі, як тае міласці, каб хаця невялічкую якую работу табе далі. Лынькоў. [Шугай:] — Бальшавікі, таварыш Каліна, не чакаюць міласцей ад прыроды. Яны заваёўваюць перамогу. Асіпенка.

•••

Ваша, твая (яго, яе, іх) міласць (уст. і іран.) — ужываецца як пачцівы зварот і пры ўпамінанні трэцяй асобы.

Змяніць гнеў на міласць гл. змяніць.

Міласці просім гл. прасіць.

На міласць бога (спадзявацца) — не рабіць ніякіх захадаў для паспяховага ажыццяўлення чаго‑н.

Па міласці каго — а) дзякуючы каму‑н.; б) перан. па чыёй‑н. віне.

Скажы на міласць гл. сказаць.