Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

міка́да, нескл., м.

Тытул японскага імператара. // Асоба, якая носіць гэты тытул.

[Яп. mikado.]

мікалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мікалогіі.

мікало́гія, ‑і, ж.

Раздзел батанікі, які вывучае грыбы.

[Ад грэч. mykēs — грыб і logos — вучэнне.]

мікары́за, ‑ы, ж.

Спец. Грыбныя ніці, якія ахутваюць карэнні вышэйшых раслін. Ужо даўно было заўважана, што карэнні многіх дрэў ахутаны тоўстым слоем грыбных ніцей, якія называюцца мікарызай. Гавеман.

[Ад грэч. mykēs — грыб і rhiza — корань.]

міко́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне мікалогіі.

мікра...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: а) вельмі малы, дробны, напрыклад: мікраарганізм, мікрараён; б) звязаны з вывучэннем або вымярэннем вельмі малых прадметаў, велічынь, напрыклад: мікрааналіз, мікраскоп, мікрабіялогія; в) мільённая доля адзінкі меры, названай у другой частцы складанага слова, напрыклад: мікраампер, мікравольт.

[Ад грэч. mikrós — маленькі, малы.]

мікраампе́р, ‑а, м.

Спец. Мільённая частка ампера.

мікрааргані́зм, ‑а, м.

Нябачны простым вокам раслінны або жывёльны арганізм. Па думцы многіх вучоных, якая зараз не выклікае пярэчанняў, піянерамі жыцця на Зямлі былі мікраарганізмы. «Беларусь».

[Ад грэч. mikrós — маленькі і арганізм.]

мікрааўто́бус, ‑а, м.

Легкавы аўтамабіль з мнагамесным кузавам.

мікрабіёлаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне мікрабіялогіі.