міг, ‑у, м.
Вельмі кароткі прамежак часу; імгненне, момант. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка. Колькі ўсяго прагучала ў хвіліну, Колькі за міг занялася ў душы!.. Кірэенка. // Пэўны прамежак часу. І мы запомнілі той міг, Бо сэрцам верылі ў адно — У новы век для нас усіх Сам Ленін адчыніў акно. Калачынскі. Лета, кароткае лета, Міг урачыстасці кветак, Свята паўночнай красы. А. Александровіч.
•••
У адзін міг (момант, імгненне) — вельмі хутка, імгненна.
міга́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм.
1. Газоўка, лямпачка без шкла. [Чмаруцька:] — Калі ж ты запаліў гэту мігалку, пры ёй нічога і не ўбачыш. Лынькоў.
2. Ліхтар, які ўспышкамі падае сігналы транспарту. Мігалка па рацэ.
міга́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які служыць для мігання. Мігальная перапонка.
2. З раснічкамі, якія знаходзяцца ў пастаянным руху. Мігальны эпітэлій.
мі́гам, прысл.
Разм. Вельмі хутка, у адзін момант. Мігам уся Андрэева вопратка робіцца мокрай і халоднай. Васілёнак. Хлапчукі мігам паразбягаліся хто куды, але далёка не адыходзілі. Няхай.
міга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігаць.
мігатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мігаціць. Па небе рассыпаліся мігатлівыя светлякі зорак. Васілёнак. У пракураным пакоі пры святле мігатлівай газоўкі засядае паўстанскі камітэт. Хведаровіч.
мігаце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мігацець.
мігаце́цца, ‑гаціцца; незак.
Тое, што і мігацець. Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы. Колас. Тут жа ў траве мігацяцца зоркамі светлячкі. Бядуля.
мігаце́ць, ‑гаціць; незак.
1. Паказвацца на кароткі час і знікаць з поля зроку. Жаўтлявыя жмені [жыта] увесь час мігацелі ў паветры, напамінаючы Язэпу старыя добрыя часы, калі, бывала, да вайны на жніво выходзіў увесь калгас. Асіпенка.
2. Свяціць, блішчаць няроўным бляскам. Над ваколіцай звісала неба і мігацела безліччу зорак. Дудо. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары. Лынькоў.
міга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Хутка паднімаць і апускаць павекі. Хлапчук палахліва, не мігаючы, пазіраў на Марыю Хведараўну. Марціновіч.
2. Падаваць знак рухам павек.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціцца слабым, няроўным святлом. Навокал ні жывой душы, толькі дзесьці далёка мігала агеньчыкамі вёска. Асіпенка. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры. Колас.
4. Хутка праносіцца перад вачыма, мільгаць. Снуюць тралейбусы, Мігаюць машыны. Броўка.