Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мім, ‑а, м.

1. Невялікая камічная імправізаваная сцэнка, якая выконвалася вандроўнымі акцёрамі ў Старажытнай Грэцыі і Рыме.

2. Акцёр, які ўдзельнічаў у гэтай сцэнцы.

3. Тое, што і міміст (у 1 знач.).

[Ад грэч. minos — перайманне, пераймальнік.]

мі́ма,

1. прысл. Не спыняючыся, не затрымліваючыся каля чаго‑н. Ісці міма. Пранесціся міма. □ [Чалавек] прайшоў міма. Лынькоў. [Зелянюк:] — Ішлі міма, убачылі святло і зайшлі. Зарэцкі. Зялёная дрызіна з дзвюма пустымі платформамі наперадзе пранеслася міма. Корзун. // Не ў тым напрамку, куды было патрэбна. Кінуць міма. Стрэліць міма. □ Удар быў сапраўды з грукатам, але міма. Шамякін. // Блізка, побач. Міма працякала рэчка. Міма ішла дарога. □ Хутка.. [дзікі] параўняліся з нашай засадай, прайшлі міма і з шумам, трэскам і рохканнем зніклі недалёка ад нас у лясным гушчары. В. Вольскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. «міма» выражае прасторавыя адносіны: указвае на прадмет, асобу, мінаючы якія, не спыняючыся, не затрымліваючыся каля якіх адбываецца рух. Хлопчык прабег міма весніц. □ Абодва [Раман Раманавіч і яго напарнік] пачалі страляць па машыне, якая праскочыла міма іх, абдаўшы пылам. Паўлаў. // перан. Не затрымліваючы ўвагі на якой‑н. асобе, з’яве, факце. [Арэшкін:] — Гэта... хуліганскі ўчынак... Абраза настаўніка, класа. І мы не можам прайсці міма такога факта... Шамякін. // Не ў тым напрамку, аднак блізка каля чаго‑н. Страляць міма цэлі. Ліць міма шклянкі. □ Загурскі глядзеў у парог, міма маці. Асіпенка. // Побліз, побач з кім‑, чым‑н. Луг гэты цягнуўся міма Дубровы, міма палёў да вялікіх лясных абшараў. Шчарбатаў.

•••

Ісці міма рук гл. ісці.

Прапусціць міма вушэй гл. прапусціць.

мімаво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мімавольнага.

мімаво́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і міжвольны.

мімае́здам, прысл.

Разм. Праездам, па дарозе. Скрыпач мімаездам даў канцэрт.

мімае́зны, ‑ая, ‑ае.

Які праязджае міма. Мімаезныя людзі спыняліся каля абеліска.

мімалётам, прысл.

1. Пралятаючы міма. Птушкі бываюць тут толькі мімалётам.

2. Разм. Бегла, мімалётна. Світанак над ціхай дрымотай Казармы салдацкай узняўся. Ды бачыць ёй сны мімалётам Хвіліна адна засталася. Калачынскі.

мімалётнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мімалётнага.

мімалётны, ‑ая, ‑ае.

1. Які пралятае або хутка праходзіць міма, не затрымліваючыся. Добра быць хваляй марской, Ветрам, крыніцай, пясчынкай, .. Ці мімалётнай сняжынкай. Танк.

2. Які хутка знікае, хутка праходзіць; непрацяглы. Арцём усміхаецца — скупа, з хмурынкай мімалётнага суму. Ракітны. // Беглы, быстры (пра позірк, ўсмешку). — Мггу! — прамычаў Міхей, з гонарам кінуўшы на Сцяпана мімалётны позірк. Дуброўскі.

мімахо́дам, прысл.

1. Праходзячы, праязджаючы міма. Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі.

2. Між іншым, выпадкова. — Нездарма ты аб трактары гаварыў, — кідае .. [Косціку] мімаходам рэпліку Ніна. Дуброўскі. — Што, едзеш куды? — нібы мімаходам спытала Макатрыха. — Угу-у, — абыякава адказаў Васіль. Кулакоўскі.