між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. ▪ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. ▪ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. ▪ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. ▪ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. ▪ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)