мір 1, ‑у, м.

1. Адсутнасць варожасці, сварак; згода. Да ўсеагульнага задавальнення ў кухні ўсталяваўся мір і парадак. Лынькоў. А раніцай было ясна, што ў доме можна чакаць усяго, але толькі не міру. Ракітны.

2. Адсутнасць вайны; суіснаванне дзяржаў і народаў у згодзе між сабой. Мы робім і будзем рабіць усё магчымае, каб адстаяць і ўмацаваць мір, збавіць чалавецтва ад новых знішчальных войнаў. Брэжнеў. Грымяць, усё мацней грымяць апладысменты простых людзей, што патрабуюць міру ва ўсім свеце. Васілёнак.

3. Пагадненне паміж варожымі бакамі аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў; мірны дагавор. Падпісаць мір. □ Рыжскі мір .. даў магчымасць Савецкай Беларусі распачаць аднаўленне народнай гаспадаркі. «Весці».

4. Спакой, цішыня. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко.

•••

Голуб міру гл. голуб.

Сацыяльны мір — ідэя прымірэння класаў, якую прапаведуюць дробнабуржуазныя сацыялісты.

мір 2, ‑а, м.

Уст. Сельская грамада. — Што будзе міру, — сказаў дзед устрывожанай матцы, — тое і бабінаму сыну. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)