Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.

1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане. Колас. Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам! Барадулін.

2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век. Грамовіч. У хлусні кароткі век. Прыказка. // Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя. Лынькоў.

3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.

4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.

5. у знач. прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы. Чорны. Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі. Колас.

•••

Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.

Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.

Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.

Век звекаваць гл. звекаваць.

Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.

Век-вяком; векі вечныя; век вечны — а) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва. — Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе! Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру! Гілевіч.

Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.

Дажываць (свой) век — а) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.

З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.

З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.

З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.

З вякоў вечных — спрадвеку.

Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.

Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.

Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.

На век — назаўсёды, на доўгі час.

На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.

На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.

На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.

Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.

Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.

Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.

Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.

Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.

У вякі — назаўсёды.

У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.

ве́ка, ‑а, н.

1. Верхняя частка скрынкі, пасудзіны, якой закрываюць гэту скрынку, пасудзіну; накрыўка. Века куфра, кубла. □ Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.

2. Тое, што і павека. Векі самі зліпаліся, галава, як не свая, хілілася ўніз. Шахавец.

векава́ць, вякую, вякуеш, вякуе; незак.

Увесь час жыць дзе‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане, існаваць. [Серадзіха:] — Я меркавала, што мне давядзецца векаваць у зямлянцы, і раптам такая навіна. Гурскі. Нас вывелі ў свет з завуголляў глухіх, А то векавалі б у пана падпаскамі. Лужанін. [Даніла:] Замак, хлопчыку, стары: Многа ўжо вякоў вякуюць Тыя цёмныя муры. Колас.

•••

Век векаваць (звекаваць) — тое, што і векаваць.

векаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Які існуе многа вякоў; спрадвечны. Векавечны бор, курган. Векавечная дружба. □ Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Купала.

векаву́ха, ‑і, ДМ ‑вусе, ж.

Разм. Старая дзеўка. Сама.. [Маша] старалася ўпрыгожыць сябе моднымі плаццямі і прычоскамі, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць «векавухай» (так у іх вёсцы называюць старых дзевак). Шамякін.

векавы́, ‑ая, ‑ое.

Які жыве, існуе вякамі, вельмі доўга; стары. Векавыя дубы. Векавыя паданні. □ Ідзе чалавек бестурботны, Разглядвае лес векавы. Колас. [Гвардзейцы Ракасоўскага] завяршылі канчатковай перамогай векавое змаганне славян з крыжацка-пруска-фашысцкай навалай. Брыль.

векапо́мны, ‑ая, ‑ае.

Які будзе доўга помніцца; незабыўны. Векапомныя падзеі. Векапомныя дні.

ве́ктар, ‑а, м.

Спец. Адрэзак прамой, які мае пэўнае становішча і напрамак. Раскладанне вектара.

[Ад лац. vector — які вязе, нясе.]

ве́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да вектара.

•••

Вектарнае вылічэнне — раздзел матэматыкі, які вывучае розныя аперацыі над вектарамі.

ве́кша, ‑ы, ж.

Абл. Вавёрка. За шкуркі ён [дзядуля] мае і цукар, і хлеб, і ўсё, што належыць да людскіх патрэб, бо тыя здабыткі нясе не ў шынок: — у наш, у савецкі, нясе гарадок, а там — поўнай мерай адмераць яму за собаля, векшу, за лета — зіму... Дубоўка.