Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ве́ра, ‑ы, ж.

1. Упэўненасць у чым‑н., у здзяйсненні, ажыццяўленні чаго‑н. Вера ў свае сілы. □ Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Шамякін. Маці больш не галасіла, Хоць з мякіны хлеб пякла, Бо адчулі рукі сілу, Вера ў сэрцы ажыла. Грахоўскі. Без меры няма веры. Прыказка.

2. Перакананне ў дадатных якасцях каго‑н. Ні суцяшэння, ні пажаданняў не трэба — Не, я не страціла чыстае веры ў людзей... Тарас. Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго. Бярозкін.

3. Перакананне ў рэальным існаванні звышнатуральных сіл. Вера ў бога. // Рэлігійнае вучэнне; веравызнанне. Каталіцкая вера.

•••

Браць (узяць) на веру што гл. браць.

Вачам веры не даваць гл. даваць.

Мера і вера гл. мера.

Мець веру ў каго-што гл. мець.

Сімвал веры гл. сімвал.

Служыць верай і праўдай гл. служыць.

вераадсту́пнік, ‑а, м.

Уст. Чалавек, які адрокся ад сваёй веры (у 3 знач.).

вераадсту́пніца, ‑ы, ж.

Уст. Жан. да вераадступнік.

вераадсту́пніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да вераадступніка, вераадступніцтва.

вераадсту́пніцтва, ‑а, н.

Уст. Адрачэнне ад сваёй веры (у 3 знач.).

верабе́й, ‑б’я, м.

Невялікая птушка атрада вераб’іных з карычнева-шараватым апярэннем, якая жыве пераважна паблізу чалавека.

•••

Вераб’ю па калена — вельмі мелка.

Страляць (біць) з гарматы па вераб’ях гл. страляць.

Стрэляны (стары) верабей — пра вопытнага чалавека, якога цяжка ашукаць.

верабе́йка, ‑і, м.

Памянш.-ласк. да верабей.

верабе́йнік, ‑у, м.

Пустазелле сямейства бурачных.

верабі́на, ‑ы, ж.

Абл. Рабіна. Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі. Колас.

верабі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да вераб’я. Вераб’інае гняздо. Вераб’іная чарада.

2. у знач. наз. вераб’і́ныя, ‑ых. Атрад птушак, да якога адносяцца вераб’і, ластаўкі, дразды, пеначкі і пад.

•••

Вераб’іная ноч гл. ноч.