ве́шала, ‑а, н.
Абл. Перакладзіна, жардзіна, прызначаная для развешвання чаго‑н. На вешалах пад стрэхамі.. варкаталі галубы. Гартны.
ве́шалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Дошка, паліца або стойка з кручкамі ці калочкамі, на якія вешаюць адзенне.
2. Спецыяльная пятля, за якую вешаюць адзенне. [Рамір] падчапіў на палец куртку за вешалку, закінуў яе за спіну. Асіпенка.
3. Жорсткая планка з кручком, на якую вешаецца адзенне ў распраўленым па плячах выглядзе.
4. Разм. Тое, што і гардэроб (у 2 знач.).
ве́шальнік, ‑а, м.
1. Той, хто вешае людзей. А чаму ж той ваш вешальнік не пускаў слязы, калі вешаў Івася Казімерчыка? Чорны.
2. У спалучэнні з назоўнікам — правіцель, які вызначаецца сваёй жорсткасцю і дэспатызмам. У камеру ўваходзіў дзяжурны памочнік начальніка астрога, старшы наглядчык Дожджык, які здаўся Лабановічу з першага погляду падобным да Мураўёва-вешальніка. Колас.
ве́шанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. вешаць.
ве́шацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Зачапіўшыся за што‑н., павісаць у паветры. Трэба назіраць і за тым, каб [дзеці] не чапляліся на хаду, не ўскаквалі, не саскаквалі, не вешаліся на парэнчах. Шынклер.
2. Вешаючыся, канчаць жыццё самагубствам.
3. Зал. да вешаць.
•••
Вешацца на шыю — а) кідацца ў абдымкі, моцна абнімаць каго‑н. (звычайна за шыю); б) настойліва дамагацца прыхільнасці, сімпатыі.
ве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Надаваць чаму‑н. вісячае становішча. Вешаць вопратку. Вешаць вядро на крук.
2. каго. Караць смерцю праз павешанне. З нялюдскай жорсткасцю спаганялі фашысты сваю злосць на мясцовым насельніцтве, палілі вёскі.., расстрэльвалі і вешалі людзей. В. Вольскі.
•••
Вешаць галаву — сумаваць, маркоціцца.
Вешаць нос — тое, што і павесіць нос (гл. павесіць).
Вешаць сабак на каго — нагаворваць, звальваць што‑н. на каго‑н.
Вешаць ярлык — неабгрунтавана абвінавачваць каго‑н., няправільна, шаблонна ацэньваць, характарызаваць чыё‑н. дзеянне, учынак.
Хоць тапор вешай — пра цяжкае, нясвежае паветра ў памяшканні.
вешчава́ць, вяшчую, вяшчуеш, вяшчуе; незак., што і без дап.
1. Высок. Гаварыць, абвяшчаць. Гэта радасць ідзе і вяшчуе Аб нязнанай дагэтуль долі. Дзяргай.
2. Прадказваць, прадракаць. Толькі недзе голас жураўліны Зноў вяшчуе раннюю зару. Прануза. Правільна вешчавала Аўдуля Ахцімчык. Ні Хрысцюк, ні Касцецкі, ні іхнія жонкі на работу не пайшлі. Дуброўскі.
ве́шчы, ‑ая, ‑ае.
Уст. Мудры, здольны прадракаць. Вешчы баян. // Які прадказвае, прарочыць што‑н. Вешчы сон.