Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ве́я, ‑і, ж.

1. Тое, што і завея, завіруха (у 1 знач.). Сек яго [паравоз] вецер, марозіў мароз, Душыла зімовая вея. Панчанка. У тундры я пражыў гады, Там, помню, веі гэтак дзьмулі. А. Александровіч.

2. звычайна мн. (ве́і, ‑яў). Тое, што і вейкі. Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

ве́ялка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Сельскагаспадарчая машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны пасля малацьбы.

2. Драўляны шуфлік для ручнога веяння збожжа пасля малацьбы. Каб адпачыць і падумаць, Клемс сеў на варотніцу, выцяг[нуў] перад сабою ногі, веялку кінуў на мякіну. Галавач.

ве́яльшчык, ‑а, м.

Той, хто вее збожжа або працуе пры веялцы.

ве́яльшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да веяльшчык.

ве́янне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. веяць (у 1, 2 знач.).

2. Прыкмета наступлення чаго‑н. Халоднае веянне зімы. // перан. Уплыў, уздзеянне новых думак, ідэй і пад. Новае веянне.

ве́яны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад веяць.

2. у знач. прым. Ачышчаны веяннем. Веянае жыта.

ве́яцца, веецца; незак.

Зал. да веяць (у 1 знач.).

ве́яць, вею, вееш, вее; незак.

1. што. Ачышчаць збожжа ад мякіны веялкай. Бацька [сына] за вароты вывеў, махнуў рукою і пайшоў збожжа веяць. Каваль.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць (пераважна пра слабы вецер). У голым полі веяў халаднаваты ветрык. Гарэцкі. Вее ў твар Цёплы вецер вясны. Звонак. // Віхрыцца, круціць. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор. Купала.

3. пераважна безас., чым. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, паху і пад.). На дварэ зусім сцямнела. Цёплай вільгаццю веяла ад ракі. Чарнышэвіч. Зноў над роднаю зямлёю Вее водарам хмельным, вясновым. Гілевіч. // перан.; безас. Распаўсюджвацца, перадавацца. Ад слоў бацькі, як і заўсёды, вее стрыманай ласкай і клопатам. Васілевіч.